Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Суджана было жыць…

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Відавочцы вайны… Колькі іх засталося ў нашым раёне, горадзе?

Адзінкі… А як цікава пазнаёміцца з такім чалавекам, даведацца пра яго жыццё, дакрануцца душою да таго, што давялося яму ўбачыць і перажыць.

Сёння запрашаю вас на сустрэчу з такім чалавекам – Шыфрай Ізраілеўнай Жухавіцкай, ахвярай Халакосту ў Дятлаве, жывой легендай нашага горада.

Нарадзілася Шыфра Ізраілеўна ў Гомелі ў 1924 годзе. У 1939 годзе, пасля аб’яднання Беларусі, яе бацьку накіравалі ў Заходнюю Беларусь для наладжвання новага жыцця. Так сям’я апынулася ў Дзятлаве. Бацька працаваў служачым у нарыхтоўчай канторы, Шыфра разам з сястрой працягвала вучобу ў школе.

Жылі на кватэры ў яўрэйскім квартале на вуліцы Слонімскай (цяпер Чырвонаармейская). Жыццё здавалася сямнаццацігадовай Шыфры бесклапотным і шчаслівым. Але неадступна і немінуча набліжаўся страшны дзень – 22 чэрвеня 1941 года.

Спачатку былі чуткі – немцы з Польшчы рухаюцца на Беларусь. Людзі хваляваліся, некаторыя нават пачалі выязджаць. Чуткі пра тое, што немцы знішчаюць яўрэяў, таксама даходзілі да Дзятлава. Хваляваліся за тое, што бацька і сястра ў дакументах значыліся як яўрэі. У метрыцы Шыфры ў графе нацыянальнасць быў прочырк, але гэта таксама не давала гарантыі пазбегнуць лёсу сям’і.

30 чэрвеня 1941 года… Немцы ўвайшлі ў Дзятлава і адразу ж прымусілі яўрэяў насіць нашытыя на адзенні латы ў выглядзе пяціканцовай зоркі. Потым стварылі гета.

Сям’я Шыфры апынулася ў гета, побач, у адной хаце, аказалася сям’я Жухавіцкіх. Жухавіцкіх было сем чалавек, а Шыфра жыла ў гета толькі з маці і сястрой Розай, бацькі ў гэты час ужо не было, памёр у пачатку вайны. Шыфра Ізраілеўна са слязьмі на вачах успамінала мясцовых жыхароў, якія, рызыкуючы жыццём, прыносілі ў гета прадукты. Час ішоў, жыццё ў гета рабілася невыносным.

І вось аднойчы, 30 красавіка 1942 года, усіх пагналі на плошчу. У той дзень Шыфра і сястра Роза схаваліся ў гета, на плошчу не пайшлі. Жухавіцкіх (засталіся жывымі толькі Ілья і яго брат Ізраіль, якіх немцы пакінулі для работ) расстралялі. Жыццё ў гета працягвалася, але жыхароў было ўжо значна менш. Ілью і яго брата Ізраіля вывозілі на будаўніцтва. Там яны пазнаёміліся з мужчынамі, якія расказалі пра расстрэлы яўрэяў у розных мястэчках, гарадах. Браты зразумелі, што расстрэлы ў Дзятлаве яшчэ не скончыліся, таму пачалі рабіць у двары “маліну” – замаскіраваную яму, у якую можна было б схавацца ў час аблавы. Не ўсе хацелі ўцякаць з гета, многія яўрэі верылі, што іх выратуе Чырвоная армія. Шыфра, яе маці, сястра і браты Жухавіцкія адважыліся на ўцёкі, якія ажаццявілі напрыканцы ліпеня 1942 года. Уцякалі ў бок Накрышкаў.

Мясцовыя жыхары дапамаглі знайсці дарогу ў лес, там і ўладкавалі сабе жыллё. Некаторы час дзве сям’і жылі ў лесе, харчаваліся тым, што ўдавалася здабыць у бліжэйшых вёсках, мянялі апошняе на ежу. Праз некаторы час хлопцы пачулі ад мясцовых жыхароў пра партызанскі атрад “Барацьба” Ленінскай брыгады і падаліся туды. Шыфра, Роза і маці засталіся ў лесе. Выжываць без мужчын стала цяжэй. Восенню яны адправіліся на ўсход, у бок Расіі. Дайшлі да сяла Міхайлаўскае, на станцыі селі на цягнік.

Цягнік некалькі разоў бамбілі, эшалон, у якім ехалі, быў цалкам знішчаны. Шыфры і яе родным пашчасціла ўцячы, схавацца ў лесе. Праз некаторы час яны дабраліся да Мічурынска, а потым да Тамбова. На эвакапункце, дзе прымалі бежанцаў, упершыню за многа месяцаў пашчасціла памыцца і нармальна выспацца.

Дарога ў эвакуацыю была пакутнай і доўгай. Нарэшце дайшлі да калгаса імя Карла Маркса Расказаўскага раёна. Неўзабаве немцы падышлі да Мічурынска. Бежанцаў выклікалі і адправілі на працу на алюмініевы завод у Свярдлоўск. Да завода не даехалі, па дарозе іх павярнулі і размясцілі на Аржынскай суконнай фабрыцы. На гэтым бясконцы бег асірацелых жанчын спыніўся. Тут і дачакаліся перамогі.

Пасля вайны Шыфры не дазволілі выехаць з Расіі, таму што яна была ваеннаабавязаная. Працавала на суконнай фабрыцы да 1947 года, пакуль па яе не прыехаў Ілья Жухавіцкі. Распісаліся ў Расказаве, толькі тады Шыфра змагла звольніцца з фабрыкі і паехаць са сваім мужам у Дзятлава.

Ім пашчасціла: хата Ільі была цэлая. Тут яны і пасяліліся, а крыху пазней набылі новую хату на вуліцы Ліпавай. Толькі пасля вайны Шыфра даведалася, што ўсіх яўрэяў з гета расстралялі 6 жніўня 1942 года, хутка пасля іх пабегу. Так яна яшчэ раз пераканалася ў тым, што ёй суджана было жыць.

Шыфра і Ілья Жухавіцкія выгадавалі трох дзяцей. Жылі нялёгка, але шчасліва, радасна. Перажыўшы вайну, кожны новы мірны дзень лічылі шчасцем.

Шыфра Ізраілеўна апошнія гады жыла адна. Рэдка калі бывала на вуліцы – сілы ўжо не тыя. Часта наведвалі дачка Ліда і зяць Мікалай, а вясной і летам дапамагалі даглядаць участак каля хаты. Яна любіла, каб усюды быў парадак. І толькі ў сны часам прыходзілі пакутлівыя, маўклівыя вочы расстраляных суродзічаў, якія з болем глядзяць у неба, нібы пытаюцца: за што?..

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея



Теги: