Чырвоны Крыж – сацыяльным работнікам

Важнае Грамадства

Дзятлаўская раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа атрымала ад Гродзенскай абласной арганізацыі сродкі прафілактыкі, якія дапамогуць павысіць узровень абароненасці ад інфекцый сацыяльным работнікам і валанцёрам нашага раёна, а значыць, і пажылым людзям і інвалідам, якім яны аказваюць дапамогу.

– Частку атрыманага, а гэта 14 бутэлек антысептычнага геля і 140 пар медыцынскіх пальчатак, мы перадаём аддзяленню сацыяльнай дапамогі на даму Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, – расказала старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк. – Астатняе выкарыстаем для нашых валанцёраў і сястры міласэрнасці, якая працуе ў Наваельні. Па электроннай пошце на адрас арганізацыі прыйшоў інфармацыйны матэрыял аб тым, як паводзіць сябе ва ўмовах інфекцыі. Гэтыя памяткі мы раздрукуем і таксама накіруем сацыяльным работнікам і валанцёрам для распаўсюджвання сярод падапечных.

Варта зазначыць, што ў нашай краіне распрацаваны алгарытм узаемадзеяння структураў Таварыства Чырвонага Крыжа з арганізацыямі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны па рэагаванні на распаўсюджанне каранавіруса. Паводле яго, атрымальнікамі дапамогі з’яўляюцца адзінокія людзі, старэйшыя за 65 гадоў, і тыя, хто жыве адзінока. Валанцёры аказваюць ім дапамогу ў дастаўцы прадуктаў і рэчаў першай неабходнасці за грошы заказчыка, а таксама інфармуюць аб мерах прафілактыкі. Усе валанцёры Дзятлаўскай раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа прайшлі інструктаж, атрымалі пасведчанні і бэйджы. Яны задзейнічаны ў дастаўцы заказаў па прынцыпе “да дзвярэй”.

Галіна Касцюк перадала сродкі прафілактыкі загадчыцы аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Іне Петрукевіч у прысутнасці спецыялістаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяны Зінкевіч і Таццяны Журко.

– Абслугоўванне пажылых жыхароў раёна ажыццяўляюць 70 нашых сацыяльных работнікаў, – зазначыла Іна Петрукевіч, – усе яны атрымаюць па дзве пары пальчатак і дэзсродкі. Мы прымаем неабходныя меры перасцярогі пры рабоце з падапечнымі, інфармуем людзей аб правілах паводзінаў ва ўмовах распаўсюджання рэспіраторных інфекцый. Работніцы аддзялення перадаюць пажылым людзям тэматычныя памяткі або апускаюць іх у паштовыя скрыні.

А старшыня пярвічкі Таццяна Зінкевіч падкрэсліла, што членамі пярвічнай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа з’яўляюцца ўсе работнікі Цэнтра. Яны актыўна супрацоўнічаюць з аб’яднаннем, рэгулярна плацяць узносы. Таму асабліва прыемна было, што і Чырвоны Крыж паклапаціўся пра сацработнікаў і працягнуў ім руку дапамогі ў няпросты перыяд.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup