Выбірай студатрад – чакай актыўнае лета

Важнае Грамадства

5 сакавіка ў Беларусі стартуе рэспубліканская акцыя ГА “БРСМ” “Выбіраем студатрад”.

Удзел у ёй могуць прымаць студэнты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных установаў, старшакласнікі, якія жадаюць папрацаваць у складзе студэнцкіх атрадаў у трэцім працоўным семестры 2020 года.

Што будзе адбывацца на Дзятлаўшчыне ў час акцыі, расказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык:

– Дзятлаўшчына, як і іншыя рэгіёны Беларусі далучаецца да акцыі “Выбіраем студатрад”. У рамках мерапрыемства з 12 сакавіка актывісты штаба працоўных справаў будуць выязджаць у пярвічныя арганізацыі ГА “БРСМ” раёна для правядзення анкетавання. Такім чынам маладыя людзі, якія жадаюць папрацаваць, змогуць заявіць аб сабе і трапіць у раённую базу даных па фарміраванні студэнцкіх атрадаў.

Сёлета на Дзятлаўшчыне моладзь будзе працаваць у сельскагаспадарчых арганізацыях. У трэцім працоўным семестры 2020 года мы плануем працаўладкаваць больш юнакоў і дзяўчат, чым летась. Прымаць у атрады будзем і паўналетніх, і непаўналетніх, як гэта было і раней. Удзельнікаў студатрадаў чакае не толькі работа, але і цікавы, насычаны адпачынак. Разам з работнікамі культуры пастараемся разнастаіць вольны час студатрадаўцаў. Безумоўна, будзем выкарыстоўваць практыку мінулых гадоў для больш цеснага знаёмства ўдзельнікаў працоўных атрадаў з сельскагаспадарчай прафесіяй. Для маладых людзей будуць ладзіцца экскурсіі на сельгаспрадпрыемствы, яны даведаюцца, як развіваецца аграрны сектар раёна, якія поспехі і перспектывы ў жывёлагадоўлі і многае іншае.

Тыя, хто жадае атрымаць больш падрабязную інфармацыю аб акцыі “Выбіраем студатрад” або запісацца для працаўладкавання ў трэцім працоўным семестры 2020 года, могуць тэлефанаваць у раённы камітэт ГА “БРСМ”, дзе створаны штаб працоўных спраў, па нумарах: 2-52-63, 2-52-61.

Ірына КАЎКЕЛЬ     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup