Праблемы пенсій – на кантролі прафсаюзаў

Важнае Грамадства

Нядаўна ў Мінску адбыўся VIII З’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. На ім былі падведзены вынікі працы Федэрацыі прафсаюзаў за пяць гадоў і вызначаны асноўныя напрамкі работы ў будучым.

Ад Дзятлаўскага раёна дэлегатамі VIII З’езда ФПБ былі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык, старшыня Дзятлаўскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак і старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі Станіслаў Фабішэўскі. Яны расказалі, што новага і карыснага даведаліся на з’ездзе.

— Вельмі важна было пачуць аб падтрымцы прэзідэнта ў стварэнні пярвічных прафсаюзных арганізацый у кожным калектыве, – зазначыў Валерый Макарчык. – Мы вельмі спадзяёмся, што будзе выдадзены ўказ, які замацуе стварэнне пярвічак як абавязковую норму ў кожным працоўным калектыве.

Будзе прадоўжана работа і па маніторынгу цэн. Калі параўноўваць студзень 2020 года са снежнем 2019-га, спажывецкія цэны на многія прадукты харчавання засталіся на ранейшым узроўні, хоць на некаторыя тавары быў адзначаны рост цэн.

Неабходна працягнуць работу па актывізацыі грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства аб ахове працы, паляпшэнні ўмоваў працы, забеспячэнні выканання работнікамі працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны.

Сёлета мы адзначаем 75-годдзе Вялікай Перамогі. З гэтай нагоды Федэрацыя прафсаюзаў, якая шэфствуе над мемарыялам “Курган Славы”, экспазіцыю музея ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам дапоўніць баявой машынай “Кацюша”.

Мы працягнем актыўна асвятляць у сродках масавай інфармацыі актуальныя тэмы, якія тычацца абароны працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў членаў прафсаюзаў, тым больш што з лютага 2020 года пачаў функцыянаваць афіцыйны сайт Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў http://dyatlovo.fpb.1prof.by/, дзе любы член прафсаюза знойдзе для сябе цікавую інфармацыю.

Станіслаў Фабішэўскі расказаў, што галіновы прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі прапанаваў больш справядлівы парадак налічэння педагогам выплат стымулюючага і кампенсавальнага характару.

Федэрацыя прафсаюзаў даўно выступае за ўнясенне змяненняў у пенсійнае заканадаўства. І гэта тая ініцыятыва, якую Прэзідэнт падтрымаў на з’ездзе. Сёння дзейнічае ўраўняльны прынцып, што, на наш погляд, няправільна і несправядліва. Таксама людзі падымаюць праблему налічэння пенсій тым, хто працягвае працаваць на заслужаным адпачынку. Мы лічым, тут ёсць пэўны дысбаланс. Чалавек працягвае працаваць, адлічвае адзін працэнт ад свайго заробку ў Фонд, наймальнік таксама працягвае плаціць за яго ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, але пры гэтым яго пенсія не пералічваецца.

– Адна з хвалюючых і актуальных для людзей праблем была вырашана ўжо напярэдадні з’езду, – дадаў Уладзімір Казак. – Гэта тычыцца змены заканадаўства па датэрміновых пенсіях. І, дарэчы, узнята гэтае пытанне было менавіта ў Дзятлаўскім раёне ў студзені 2019 года. Людзі, якія працуюць у асаблівых умовах працы (механізатары, аператары машыннага даення), апынуліся ў сітуацыі, калі вымушаны былі або звальняцца, альбо атрымаць у будучым прафесійную пенсію ў памеры 40-70 рублёў. Па прапанове і просьбе прафсаюзаў, у студзені 2020 года кіраўніком дзяржавы быў падпісаны ўказ, які вырашыў гэтую праблему.

Як аграрый, я з радасцю ўспрыняў пытанне аб неабходнасці надання імпульсу ў развіцці сялянска-фермерскіх гаспадарак. На жаль, на практыцы ў іх працы ёсць шмат штучных бар’ераў і нявырашаных пытанняў. Вырашэнне гэтых пытанняў даўно ўжо наспела, бо развіццё прыватнага бізнесу – важкі ўклад у эканоміку нашых рэгіёнаў.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: