Ірына Кашкала: “Люблю дапамагаць людзям”

Галоўнае Грамадства

На гэты раз у дарогу паклікала пісьмо, якое прыйшло на адрас рэдакцыі.

У ім чатыры пажылыя жыхары з аграгарадка Вензавец напісалі пра сваю сацыяльную работніцу Ірыну Кашкала, якую любяць “за дапамогу, клопаты, чулае сэрца і ўважлівыя адносіны”. Вырашыла сустрэцца і пагутарыць з аўтарамі пісьма і іх памочніцай.

Ясным сакавіцкім ранкам завітала на вуліцу Новую ў Вензаўцы, дзе жыве інвалід другой групы Ганна Франюк. Падгадала менавіта той час, калі можна застаць у бабулі сацыяльную работніцу. З першых хвілін размовы зразумела, што ў Ганны Франюк і Ірыны Кашкала цёплыя адносіны. Ганна Іванаўна зазначае, што Ірына Іванаўна – яе вочы і ногі, бо самой жанчыне ў семдзесят сем гадоў цяжка рухацца нават па хаце, ды і зрок моцна падвёў, нездарма ёсць пасведчанне аб другой групе інваліднасці. Тры гады Ірына Кашкала даглядае “Іванаўну”, расказвае, што ў бабулі ёсць уважлівыя сын і дачка, якія таксама рэгулярна бываюць у маці, але абыходзіцца без памочніцы па гаспадарцы было б вельмі складана.

– Пра сваю Ірыну магу сказаць толькі добрае, – зазначае Ганна Франюк. – Няхай Бог дае ёй здароўя для той высакароднай справы, якой яна займаецца, бо клапаціцца аб нямоглых людзях вельмі цяжка. Дзякую адміністрацыі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва за тое, што знаходзяць такіх чулых, добрых, старанных работнікаў.

Цікаўлюся, як Ірына Кашкала стала сацыяльнай работніцай, адкуль яна родам, хто па спецыяльнасці, дзе працавала раней.

– Карані мае тут, на Дзятлаўшчыне, а нарадзілася я ва Украіне, – пачынае свой аповед Ірына Іванаўна. – Бацька быў з вёскі Кашкалы, маці – з Лудзічаў. У маладосці яны паехалі на асваенне цалінных зямель у Казахстан, затым перасяліліся ва ўкраінскую Макееўку, працавалі на вугальных шахтах. Там нарадзілася я, а дзесяцігадовай дзяўчынкай мяне прывезлі назад у Беларусь. Скончыла школу, атрымала спецыяльнасць абутніка-мадэльера, працавала ў Гродне. Затым лёс вярнуў мяне на Дзятлаўшчыну, дзе няма абутковай вытворчасці, таму давялося шукаць іншую работу. Шэсць гадоў адпрацавала ў тагачасным СВК “Вензавец” жывёлаводам. У сацыяльную службу трапіла выпадкова.

Паколькі я рана засталася без бацькоў, пастаянна адчувала патрэбу ў стасунках з людзьмі старэйшага ўзросту. Добрыя адносіны ў мяне склаліся з пажылой суседкай, якая аднойчы напярэдадні зімы заперажывала, як будзе жыць далей, бо цяжка стала самой прыносіць дровы і ваду, чысціць снег. Я прапанавала ёй добраахвотную дапамогу, паабяцала, што не пакіну ў бядзе. Пра маё валанцёрства даведаліся ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, тады і прапанавалі афіцыйнае працаўладкаванне. Было гэта ў лістападзе 2010 года, 10 гадоў ужо дапамагаю людзям, ні разу не пашкадавала, што стала на такі шлях. Мае падапечныя замянілі мне бацькоў, я для іх таксама не чужы чалавек.

На абслугоўванні ў мяне пяць домаўладанняў. Кожны дзень, акрамя выхадных і святаў, у мяне рабочы, аднак калі мая дапамога вельмі патрэбна ў “пазаўрочны” час, абавязкова прыязджаю. Тэрыторыя абслугоўвання – вёска Лудзічы, дзе жыву сама, і аграгарадок Вензавец, куды дабірацца пяць кіламетраў. У добрае надвор’е езджу сюды на службовым веласіпедзе. Для падапечных набываю лекі, харчовыя прадукты, сродкі гігіены, прыбіраю ў хатах і на падворках, прыношу ваду і дровы, калі неабходна, дапамагаю прапаліць печы, мераю ціск, вырашаю розныя бытавыя пытанні. Люблю дапамагаць людзям, а калі бачу, што яны задаволены – мне прыемна ўдвая.

Карыстаючыся выпадкам, добрыя словы хачу адрасаваць свайму кіраўніцтву: інспектару Іне Аляксандраўне Жыбко, дырэктару Цэнтра Таццяне Сямёнаўне Нікіпорчык, абавязкова варта ўзгадаць былога інспектара Алену Валянцінаўну Сасінскую, якая выйшла на заслужаны адпачынак. Гэта душэўныя людзі, нераўнадушныя да чужых праблем, нездарма яны працуюць у сацыяльнай абароне.

Крыху пагутарыўшы на розныя жыццёвыя тэмы, развітваемся і мы з Ірынай Іванаўнай ідзём да Таццяны Крывулька.

– Таццяна Аляксандраўна, нягледзячы на тое, што прыкавана да інваліднай каляскі, – вялікая аптымістка, з выдатным пачуццём гумару. Размовы з ёю заўсёды падбадзёрваюць, – характарызуе сваю падапечную мая субяседніца.

Заходзім ва ўтульны дом, аздоблены з густам, дзе шмат пакаёвых раслін. Таццяна Крывулька жыве тут з мужам-пенсіянерам.

– З дапамогай нашай памочніцы хутка будзем клеіць новыя шпалеры, – рэагуе на мой камплімент наконт прывабнага інтэр’ера гаспадыня і адразу пераключаецца на сацыяльную работніцу. – Сёмы год пайшоў, як Ірына Іванаўна нам дапамагае. Яна старанна працуе на сваім участку, таму і ў нас усё добра. Цудоўна, што на свеце ёсць такія людзі. Здароўя ім, дабрабыту!

Накіроўваемся да двух дзядуляў. Васьмідзесяціпяцігадовы Віктар Шалесны расказвае, якія смачныя дранікі яму пячэ сацыяльная работніца. Узгадвае, што дапамагае яна па гаспадарцы ўжо пяты год, прыйшла, калі яшчэ жонка была жывая.

– Мы ўсе яе вельмі паважаем і любім, – падкрэслівае дзядуля.

Уладзімір Губар, якому 87 гадоў, таксама лічыць Ірыну Кашкала цудоўным чалавекам, любіць з ёю паразмаўляць на розныя тэмы, дзеліцца жыццёвымі назіраннямі, народнымі прыкметамі.

Вяртаючыся ў рэдакцыю, яшчэ доўга ўспамінала жыццёвыя гісторыі бабуляў і дзядуляў. Безумоўна, пажылым людзям проста неабходны падтрымка, дапамога, добрыя адносіны, магчымасць пагутарыць на розныя тэмы. Сацыяльны работнік для іх не толькі надзейны сябар, але і тая нітачка, якая звязвае з грамадствам, у гэтай прафесіі выпадковых людзей быць не павінна, як і старасць не павінна быць адзінокай.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup