Жыллё ў абмен на пажыццёвае ўтрыманне

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Аб тым, у каго ёсць магчымасць заключыць дагавор рэнты з дзяржавай і што сабой уяўляе такая сацыяльная паслуга, карэспандэнт даведалася ў дырэктара Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяны Нікіпорчык.

– Таццяна Сямёнаўна, ці даўно ў пажылых людзей з’явілася магчымасць афармляць дагаворы рэнты?

– Заканадаўчай базай для гэтага паслужыла пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 лютага 2017 года № 112 “Аб аказанні сацыяльных паслугаў дзяржаўнымі ўстановамі сацыяльнага абслугоўвання”. Пастановай зацверджана Палажэнне аб адзіных для ўсіх рэгіёнаў Беларусі парадку і ўмовах аказання сацыяльных паслугаў па дагаворах пажыццёвага ўтрымання за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.

У сувязі з гэтым і на Дзятлаўшчыне рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта створана міжведамасная камісія для разгляду пытанняў аказання сацыяльных паслугаў па дагаворах пажыццёвага ўтрымання, а таксама зацверджана Палажэнне аб міжведамаснай камісіі па разглядзе пытанняў аказання сацыяльных паслугаў па дагаворах пажыццёвага ўтрымання (рашэнне ад 8 мая 2018 года № 205 “Аб стварэнні камісіі”). Камісія мае права разглядаць заявы аб заключэнні дагавораў рэнты, выносіць рашэнні з рэкамендацыямі мясцовым выканаўчым і распарадчым органам аб заключэнні (адмове ў заключэнні) дагавораў рэнты. Адным словам, яна сочыць за законнасцю і празрыстасцю працэдуры.

– Раскажыце падрабязней, што ўяўляюць сабой рэнтавыя адносіны?

– Па дагаворы рэнты яе атрымальнік перадае жыллё, якое знаходзіцца ў яго ўласнасці, дзяржаве (у нашым выпадку – Дзятлаўскаму райвыканкаму). Плацельшчык рэнты (мясцовы выканаўчы i распарадчы орган) абавязуецца ажыццяўляць пажыццёвае ўтрыманне рэнтаатрымальніка.

– Хто можа быць атрымальнікам рэнты?

– Чалавек, якому споўнілася 70 гадоў, або муж і жонка, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту, пры ўмове, што яны не маюць родных, абавязаных па законе іх утрымліваць.

– Як будзе ажыццяўляцца ўтрыманне пры заключэнні дагавора рэнты?

– Прадугледжаны два шляхі аказання паслугі. Першы, калі атрымальнік рэнты застаецца ў сваёй кватэры і яго бясплатна даглядае сацыяльны работнік, наведваючы пяць разоў на тыдзень па буднях. Пры гэтым гарантуецца аплата камунальных паслуг, правядзенне бягучага рамонту жылля, замена сантэхнічнага абсталявання. Грамадзянін будзе атрымліваць сваю пенсію, а таксама штомесячную рэнтную выплату ў памеры ад адной да трох базавых велічыняў. У выпадку пагаршэння стану здароўя і патрэбы ў пастаянным доглядзе, атрымальнік рэнты можа быць змешчаны ў дом-інтэрнат.

Другі варыянт, калі пажылы чалавек выбірае пражыванне ў асобным пакоі дома-інтэрната з кругласутачным медыцынскім наглядам і абслугоўваннем і дадатковымі бытавымі паслугамі. Грамадзянін таксама будзе атрымліваць пенсію ў поўным аб’ёме і рэнтную выплату.

У дадатак дагаворам рэнты прадугледжваецца прадастаўленне рытуальных паслуг, у тым ліку па пахаванні ў месцах, вызначаных атрымальнікам рэнты. Нагадаю, што права распараджацца яго жыллём дзяржава атрымлівае толькі пасля смерці пажылога чалавека.

– Якім патрабаванням павінна адпавядаць жылое памяшканне, якое перадаецца плацельшчыку рэнты?

– Яно павінна належаць на праве ўласнасці асобе, з якой заключаецца дагавор пажыццёвага ўтрымання з выплатай; знаходзіцца на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна; быць свабодным ад правоў трэціх асобаў; у ім не могуць быць зарэгістраваны грамадзяне, якія не з’яўляюцца атрымальнікамі рэнты.

– Куды трэба звяртацца пажылым людзям для заключэння дагавора рэнты?

– Калі чалавек жадае заключыць дагавор і застацца жыць у сваёй кватэры, ён павінен звярнуцца ў наш Цэнтр з заявай. Тэрмін яе разгляду – не больш за 60 дзён. Міжведамасная камісія райвыканкама па разглядзе пытанняў аказання сацыяльных паслугаў па дагаворах пажыццёвага ўтрымання будзе прымаць рашэнне, зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці: улічыць кошт жылога памяшкання і магчымасць яго наступнага выкарыстання згодна з заканадаўствам.

Чалавек, які пажадаў заключыць дагавор пажыццёвага ўтрымання і жыць у інтэрнаце, павінен звярнуцца з заявай ва ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама.

Варта адзначыць, што на дату звароту ў атрымальніка рэнты не павінна быць медыцынскіх супрацьпаказанняў для аказання яму сацыяльных паслугаў нашым Цэнтрам у форме надомнага абслугоўвання ці для змяшчэння яго ў інтэрнат.

– А калі пасля заключэння дагавора рэнты пажылы чалавек раптам перадумае аддаваць кватэру ці дом?

– Змяніць рашэнне можна. Дагавор рэнты скасоўваецца, калі адзін з бакоў не выконвае яго ўмоваў. Аднак у такіх выпадках давядзецца звярнуцца ў суд. Падкрэслю, што дзяржава толькі прапануе пажылым грамадзянам новую паслугу, але не навязвае яе. Выбар застаецца выключна за чалавекам.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup