Яравізацыя бульбы

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Вацлаў Браніслававіч Залеўскі,  аграном-бульбавод са шматгадовым стажам,  падзяліўся сваім вопытам перадпасяўных агратэхнічных прыёмаў – у прыватнасці, як правесці яравізацыю насеннага матэрыялу.

У нашай кліматычнай зоне з лёгкімі глебамі, маласнежнымі зімамі, ранняй вясной, здаецца, прыродай створаны ўсе ўмовы для вырошчвання агародніны. Аднак, якімі б цёплымі ні былі першыя вясновыя месяцы, да мая тэмпература ўсё адно зніжаецца, назіраюцца раннія ці познія зваротныя замаразкі, сухавеі, нястача вільгаці ў глебе – і гэта ўсё не на карысць будучаму ўраджаю.

Мой шматгадовы вопыт вырошчвання ранніх гатункаў бульбы яшчэ раз пераконвае: толькі яравізацыя насеннага матэрыялу здольная значна згладзіць уплыў неспрыяльных  умоваў надвор’я і забяспечыць атрыманне стабільна высокіх ураджаяў.

Насенны матэрыял бульбы я нарыхтоўваю ў час уборкі таварных клубняў. Адбіраю яго ад найбольш ураджайных кустоў – з тыповай для дадзенага гатунку формай клубня і памерам па большым дыяметры не больш за 6 сантыметраў.

Прасушаныя клубні сартырую па фракцыях, затарваючы ў пластмасавыя скрынкі па 8–10 кілаграмаў. Потым стаўлю іх на абзеляненне ў халаднаватае памяшканне з рассеяным дзённым святлом, пасля чаго апускаю на захоўванне ў склеп.

У студзені праводжу дэталёвы агляд сваіх запасаў насення: вызначаю пачатак абуджэння вочак на клубнях па ўсіх гатунках. Звычайна першым пачынае прачынацца гатунак “джувел”. З пачатку і да сярэдзіны лютага яго першы і адзіны апікальны парастак дасягае ў даўжыню 3–5 сантыметраў. Калі на адзінкавых клубнях з’яўляюцца бугорчыкі новых вочак побач з апікальным – пара выносіць насенне на яравізацыю.

Важна! Апікальны парастак стрымлівае прачынанне  вочак у сярэдняй і ніжняй частках клубня. І калі пры закладцы клубняў на яравізацыю апікальныя расткі  не выдаліць (на гатунку “джувел” я гэта раблю ў лютым), то парасткаў, якія прачнуліся на клубні, будзе значна менш. А ўраджай з аднаго куста бульбы, які вырашчаны з праяравізаванага клубня, пры роўных умовах будзе значна большы за кошт фарміравання большай колькасці  прадукцыйных сцяблін.

Яшчэ адзін вельмі важны прыём – апрацоўка клубняў перад закладкай на яравізацыю растворам мікра- і макраўгнаенняў. Колькасць і склад раствору ўгнаенняў я падбіраю з улікам забяспечанасці элементамі сілкавання глебы майго ўчастка.
Матачныя растворы я загадзя рыхтую ў дзвюх пластыкавых 20-літровых каністрах. Раствор № 1 уключае падвойны суперфасфат – 900 грамаў, борную кіслату – 200 грамаў, ветпрэпарат КМП (утрымлівае ёд, жалеза, магній і селен) – 50 мілілітраў, выцяжку шалупін цыбулі – 5 літраў, гумат калію – 200 мілілітраў; раствор № 2: мачавіну – 700 грамаў, медны купарвас – 100 грамаў, марганцоўку – 5 грамаў, хлорысты кобальт – 2 грамы.

Па меры растварэння ўгнаенняў даводжу аб’ёмы матачных раствораў да 20 літраў кожны. Гэтага аб’ёму хапае на досыць вялікую колькасць бульбы – я апрацоўваю каля 500 кілаграмаў. Растворы могуць захоўвацца да 10 дзён, перыядычна іх трэба ўзбоўтваць.
Вычышчаныя ад парасткаў здаровыя клубні засыпаю ў вялікія поліэтыленавыя ёмістасці і заліваю цёплым рабочым растворам на 30 хвілін. На 8 літраў вады  (яе тэмпература 40 градусаў) бяру па 1 літры матачнага раствору з кожнай каністры. Раствор атрымваецца прыкладна 30 градусаў, пры гэтай тэмпературы добра стымулюецца абуджэнне пупышак.

Практыка апошніх трох гадоў паказала высокую эфектыўнасць апрацоўкі насеннага матэрыялу абмагнічаным растворам. Толькі за кошт гэтага прыёму значна скарачаюцца тэрміны пачатку клубнеўтварэння, павялічваецца ўраджайнасць на 15-20 працэнтаў, што вельмі важна пры вытворчасці ранняй прадукцыі.

У адным растворы трэба замочваць не больш за тры партыі клубняў, дадаючы час экспазіцыі кожнай наступнай на 10 хвілін, – да абясколервання раствору. І толькі потым прыступаю да самага важнага і адказнага этапу яравізацыі бульбы – прарошчвання клубняў. Для гэтых мэт скарыстоўваю дробныя пластыкавыя скрынкі: іх зручна штабеляваць, пры гэтым святло пранікае досыць раўнамерна на ўсе ярусы этажэркі. Калі бульба дробная, кладу ў два пласты, калі буйнейшая – у тры.

Заўважу між іншым, што чатыры апошнія гады адпрацаваны раствор не выліваю, а скарыстоўваю для падкормкі пладовых і ягадных культур, вінаграду. Магчыма, менавіта таму кожны год збіраю добры ўраджай яблыкаў і ягад.

Прарошчванне клубняў праводзіцца ў два этапы. Першы – праграванне насення ў светлым памяшканні пры тэмпературы 18–22 градусы да таго моманту, калі парасткі, якія з’явіліся, дасягнуць даўжыні 0,5 сантыметра (прыкладна да 10 сутак). Такое праграванне называюць цеплавым шокам.

Другі этап – непасрэднае прарошчванне на святле. Скрынкі з прарослымі клубнямі пераношу ў іншы пакой, дзе забяспечваю добрую вентыляцыю і трохбаковае асвятленне дзённым святлом. Вытрымліваю тэмпературны рэжым у межах 10–12 градусаў і адносную вільготнасць каля 80 працэнтаў па псіхаметры. Такія ўмовы ўхіляюць небяспеку ссушвання клубняў, змяншаюць расход пажыўных рэчываў на дыханне. Тут выконваецца самая важная ўмова другога этапу яравізацыі – забеспячэнне амаль раўнамерным асвятленнем усіх клубняў у этажэрках са скрынак. Пры такім рэжыме прарошчвання на клубнях утвараюцца кароткія зялёныя парасткі даўжынёй 1–1,5 сантыметра.

Калі зялёныя парасткі пачынаюць выцягвацца ў даўжыню – значыць,
ім у першую чаргу не хапае святла. У такім выпадку трэба тэрмінова арганізаваць дасвечванне неонавымі лямпамі да 10 гадзін, а далей прадоўжыць асвятленне да 12–14 гадзін у суткі.

Парасткі бульбы не павінны знаходзіцца пад прамымі сонечнымі промнямі, пад уздзеяннем якіх яны падпадаюць пад адраўненне і губляюць сваю жыццяздольнасць. Дзённае святло павінна быць рассеяным. Каб парасткі ўвесь час атрымвалі дастаткова асвятлення, раз на тыдзень скрынкі ў этажэрцы мяняю месцамі: верхнія стаўлю ўніз і наадварот.

Да пачатку красавіка на зялёных парастках з’яўляюцца лісточкі, а каля іх асновы – зачаткавыя карэньчыкі.
Прарошчаныя на святле клубні можна высаджваць у раннія тэрміны пры тэмпературы глебы  не ніжэй за +3-+4 градусы і яе адноснай вільготнасці не больш за 70 працэнтаў.
У 2017 годзе на першых 150 метрах квадратных я высадзіў бульбу гатунку “джувел”, які прайшоў яравізацыю, ручным спосабам у загадзя нарэзаныя барозны 15 красавіка.

Тэмпература глебы ў дзень пасадкі была 10 градусаў. Праз тыдзень рэзка пахаладала, уначы назіраліся пастаянныя замаразкі… Усходы бульбы з’явіліся не як звычайна праз 6–7 сутак, а толькі  праз месяц пасля пасадкі (14 мая). Пры гэтым да гушчыні ўсходаў першай пасадкі ў мяне не было аніякіх прэтэнзій, першыя таварныя клубні выкапаў 12 чэрвеня 2017 года, амаль як у мінулыя гады.

З усяго вышэйпададзенага раблю выснову: чым раней выкласці клубні бульбы на светлавое прарошчванне, тым карацейшы робіцца перыяд фізіялагічных фаз развіцця бульбы (усходаў, бутанізацыі, цвіцення і клубнеўтварэння). А ўтвораныя ў час яравізацыі парасткі пры добрай асветленасці ніколі не перарастуць і будуць трывала трымацца на клубні.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup