21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Родная мова, матуліна мова

Грамадства Свежыя навіны

Кожны раз, калі я бываю ў Полацку, адразу іду да помніка “Ў” і з замілаваннем перачытваю словы Рыгора Барадуліна: “Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет”.

І сапраўды, горад, які даў свету вялікіх беларусаў, і сёння дыхае на поўныя грудзі беларускасцю. Цікава, што літару “Ў”, якая ёсць толькі ў нас, беларусаў, у якасці назвы выкарысталі мінская арт-галерэя і музычны гурт — “У нескладовае”.

Для мяне мова – ужо даўно надзейны сродак, з дапамогай якога штохвілінна думаю. Наша задача – берагчы мову, вывучаць яе, распрацоўваць і пашыраць. Гэта дасягаецца штодзённым яе ўжываннем у побыце, на рабоце, у дзяржаўных, грамадскіх і культурных установах. Але вельмі горка, што хутка знікаюць беларускія вёсачкі, разам з якімі знікаюць і носьбіты жывой, яскравай мовы. Мова, што захавалася ў вёсках, цікавая тым, што яна спрадвечная. Гэта ўнікальная крыніца інфармацыі для філолагаў, сацыёлагаў, філосафаў, псіхолагаў, этнографаў, гісторыкаў.

Бясспрэчна, хто не шануе матуліна слова, той не паважае ні свой род, ні сваіх землякоў, ні самога сябе. Задумайцеся над словамі Уладзіміра Караткевіча: “Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў”. А мова наша распаўсюджана не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў памежных рэгіёнах Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны.

Прыемна і тое, што 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, беларусы пішуць агульнанацыянальную дыктоўку. Калі раней ужыванне мовы многія лічылі прыкметай вясковасці, то сёння – інтэлігентнасці, нават элітнасці. На ёй размаўляюць педагогі, літаратары, мастакі, журналісты, праграмісты, дзеячы навукі і культуры. Мова здольна жыць у генах людзей, каб потым прагучаць з вуснаў іх дзяцей або ўнукаў. Менавіта праз роднае слоўца здольна адраджацца наша душа, душа народа і нацыі. Перакананы, што любоў і павагу да мовы продкаў трэба выхоўваць з маленства. Сваёй унутранай культурай бацькі павінны паказваць прыклад дзецям. Нам неабходна ўсвядоміць, што мы, беларусы, не горшыя за іншыя нацыі і павінны шанаваць родную мову, бо, пакуль жыве мова, жыве сам народ, гэта карані, якія моцна трымаюць нас. Генадзь Бураўкін пісаў: “Там, дзе не шануюць роднай мовы, мялеюць рэкі, нішчацца дубровы, народ той мёртвы, а той край нямы”. Родная мова павінна абавязкова асацыіравацца з роднай маці, з родным домам, з роднай зямлёй, з Бацькаўшчынай.

Канстанцін КАРНЯЛЮК



Теги: