Прафсаюзныя ўзнагароды – лепшым жывёлаводам

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Работнікаў жывёлагадоўчай галіны сельскай гаспадаркі працягвае ўшаноўваць прафсаюз работнікаў АПК у рамках рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”.

Днямі віншаванні прымалі жывёлаводы КСУП “Вензавец”.

Акцыя праводзіцца з мэтай паляпшэння санітарна-бытавых умоваў на жывёлагадоўчых фермах, стымулявання працы работнікаў жывёлагадоўлі, павышэння эфектыўнасці і якасці вытворчасці, нарошчвання аб’ёму вытворчасці і паляпшэння якасці прадукцыі.

Далучаемся да старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Уладзіміра Казака, які накіроўваецца павіншаваць адразу траіх лепшых работнікаў жывёлагадоўчай галіны раёна.

Падзячныя лісты і падарункі раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу прызначаны працаўнікам  фермаў “Вензавец”, “Гірычы”, “Явар”.

Разам з  Уладзімірам Казаком лепшых жывёлаводаў павіншавалі кіраўнік па вытворчасці КСУП “Вензавец” Ігар Гульнік, галоўны спецыяліст гаспадаркі Ірына Крывулька, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Ірына Бушчык.

– Ініцыятыва прафсаюза АПК па падтрымцы і заахвочванні жывёлаводаў – адзін са спосабаў выказаць падзяку працаўнікам вёскі, – адзначыў у час сустрэчы Уладзімір Казак. – Не сакрэт, што жывёлаводы працуюць у вельмі напружаным рэжыме, але па-іншаму ў гэтай прафесіі поспеху не даб’ешся. Клопат пра людзей працы, абарона іх правоў застаецца нязменнай задачай прафсаюзных арганізацый.

Ферма “Гірычы” КСУП “Вензавец” на добрым рахунку не толькі ў гаспадарцы. Дружны і працавіты калектыў нязменна дабіваецца добрых паказчыкаў. Адной з лепшых работніц фермы з’яўляецца жывёлавод Таццяна Курачкіна. Нарадзілася і вырасла Таццяна Васільеўна ў вёсцы, а таму ведае цану кожнаму працоўнаму дню ў сельскай мясцовасці, напэўна таму і вырашыла звязаць сваю працоўную дзейнасць з жывёлагадоўляй. Скончыла Ваўкавыскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе атрымала спецыяльнасць заатэхніка. Працуе жанчына ў сельскай гаспадарцы з 1983 года: першыя крокі ў прафесію пачаліся на малочнатаварным комплексе ў Нагорніках, праз год жанчыну запрасілі на пасаду загадчыцы малочнатаварнай фермы “Гірычы”. Працоўны стаж перарываўся толькі ў час водпускаў па доглядзе дзяцей. Жанчына памятае некалькі рэарганізацый фермы: ад малочнатаварнай, свінагадоўчай, птушкагадоўчай да  зноў малочнатаварнай.

Летась Таццяна Васільеўна адзначыла свой 55-гадовы юбілей. Яна жартуе:

– Пара б ужо і на пенсію, але не адпускаюць. Пастаўлена задача працягваць працаваць – вось і працую.

Пад пільнай увагай раённай камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу знаходзяцца  працоўныя і бытавыя ўмовы работнікаў. Сёлета на хадайніцтва яго старшыні Уладзіміра Казака адгукнуўся  кіраўнік КСУП “Вензавец” Ігар Гульнік і сіламі сельгаспрадпрыемства ў бытавым памяшканні жывёлаводаў на ферме “Гірычы” было ўсталявана пячное ацяпленне.

На малочнатаварнай ферме “Вензавец” узнагароду ад  раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымала Тамара Паскробышава, якая шмат гадоў займаецца вырошчваннем маладняку буйной рагатай жывёлы. Усе цяляты, якія праходзяць праз яе ўмелыя рукі, – дужыя і здаровыя, выдатна набіраюць вагу. Сярэднясутачнае прыбаўленне ў яе групе ў студзені склала 707 грамаў.

На малочнатаварнай ферме лепшым названы жывёлавод Рыгор Пагарэлаў. Мужчына працуе тут з верасня мінулага года.

Пераважная частка яго працоўнай біяграфіі звязана з прафесіяй будаўніка. Працяглы час мужчыну давялося працаваць у Расіі.

З-за жыццёвых абставінаў вырашыў вярнуцца ў родныя мясціны. Жывёлагадоўлю абраў таму, што знаходзіцца яна ў блізкай адлегласці ад дому, а яшчэ таму, што праца знаёмая.

Разам з Георгіем Мікалаевічам больш за 15 гадоў аператарам машыннага даення працуе яго жонка Ала Станіславаўна.

Віншуючы работнікаў малочнатаварных фермаў з працоўнымі дасягненнямі, Уладзімір Казак выказаў словы ўдзячнасці жывёлаводам і пажадаў ім далейшых поспехаў у працы, шчасця, здароўя, дабрабыту ў сем’ях, новых вытворчых перамог.

Акцыя “Наш жывёлавод” працягваецца.

Оксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup