Крокі да родных мясцін. Яварская царква: вера мацнейшая за буру і пажар

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы вёскі Явар была пабудавана жыхарамі навакольных вёсак у пачатку 20 стагоддзя, але ў якім менавіта годзе, дакладных звестак не захавалася.

Першапачаткова храм быў узведзены з рэшткаў хутарской  пабудовы сям’і Ермаловічаў, якая жыла ва ўрочышчы Ліпавец. У 1927 годзе праз вёскі Явар і Сачыўляны прайшла магутная бура. Адбылося гэта ў дзень Святой Тройцы, пасля заканчэння царкоўнай службы. У выніку буры многія жылыя дамы і царква аказаліся часткова альбо поўнасцю разбуранымі.

Літаральна адразу пачалося аднаўленне храма. На агульным сходзе  прыхаджане прынялі рашэнне не ўзводзіць драўляную царкву, а пабудаваць яе з бетонных блокаў. За кошт актыўных ахвяраванняў жыхароў навакольных вёсак храм быў пабудаваны ўжо ў 1932 годзе. Дарэчы, блокі для яго выраблялі на месцы самі вяскоўцы. З успамінаў жыхаркі вёскі Явар Лідзіі Аляксандраўны Герасімовіч вядома, што крыж для адноўленай царквы выкаваў яе дзед Міхаіл Іванавіч Бубноўскі. У лістападзе 1932 года ў царкоўнай кнізе быў зроблены запіс аб нараджэнні Любові Іванаўны Жук (Белавус), на той час жыхаркі вёскі Явар.

Адным з першых яварскіх святароў быў іерэй Карповіч. З жонкай яны гадавалі дзяцей Тамару, Людмілу, Анатоля. Сын бацюшкі пазней жыў і працаваў у Іўеўскім раёне доктарам. У сямейным дакуменце, які быў выдадзены родным Міхаіла Мікалаевіча Буйко, цяперашняга жыхара вёскі Явар, стаялі круглая царкоўная пячатка і подпіс Карповіча, датаваныя 1937 годам. З прыходам савецкай улады ў 1939 годзе набажэнствы ў царкве на некаторы час былі спынены.

Затым у Явар для правядзення службаў быў накіраваны святар па прозвішчы Бяляец (айцец Сергій).  Ён прыехаў з матушкай і двума дзецьмі яшчэ да вайны. Дзеці, Генадзь і Ліда, вучыліся ў мясцовай школе. У гады Вялікай Айчыннай вайны царква была адкрыта для прыхаджан, аб чым сведчыць запіс аб хрышчэнні дзіцяці (Мікалая Аляксандравіча Мілейкі) у студзені 1944 года. У 1946 годзе тут быў узведзены другі будынак плябаніі замест спаленага ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Пэўны час у царкве служылі святары Коршун і Тарас. Тарас затым стаў служыць Дзятлаўскай царкве. З 1954-га па 1962 гады настаяцелем Яварскага храма быў айцец Васіян. Людзі яго называлі  Манах. У царкве ладзіліся абрады вянчання, хрышчэння дзяцей, адпявання памерлых. Вядома, што айцец Васіян быў вельмі дружалюбны, з добрым пачуццём гумару. У снежні 1962 года па рашэнні органаў улады царква была закрыта, а айцец Васіян выехаў у манастыр. Дом, дзе жыў святар (плябанія), па рашэнні выканкама сельскага савета быў перададзены сям’і пагарэльцаў – Веры і Івану Венскім.

У 1969 годзе ў царкве адбыўся невялікі пажар, з-за якога абваліўся дах, але непашкоджанымі засталіся  мураваныя сцены. На пачатку 90-х гадоў жыхары вёсак Гярбелевічы, Белякі, Буйкі, Явар, Сачыўляны, Сцяткоўшчына за асабістыя грошы і з дапамогай праўлення мясцовага калгаса “Новае жыццё” аднавілі храм. Старшыня праўлення калгаса Аляксандр Васільевіч Касцюкевіч і члены праўлення з разуменнем аднесліся да правядзення будаўнічых работ: выдзяляўся неабходны транспарт, матэрыялы, грашовыя сродкі. Асаблівую актыўнасць і клопат у гэты час праявіў жыхар вёскі Белякі Канстанцін Іосіфавіч Клімко. Часта ён сам выконваў будаўнічыя работы і большую частку светлавога дня праводзіў на рамонце царквы. На ўласнай машыне для вырашэння розных пытанняў ездзіў на сустрэчы з царкоўным кіраўніцтвам у Навагрудак, Гродна, Мінск. Таму калі на сталеліцейным заводзе выраблялі царкоўны звон, імя і прозвішча Канстанціна Клімко ўвекавечылі надпісам на ім.

4 снежня 1992 года адбылося ўрачыстае асвячэнне адноўленага храма. Яварская царква і сёння носіць сваю першапачатковую назву – у гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Каля 15 гадоў службы ў ёй ажыццяўляў айцец Мікалай (Уляхін), які прыязжаў з вёскі Горка. Цяпер святаром Яварскай царквы з’яляецца айцец Аляксей (Лаўнік).

За дапамогу ў пошуках і зборы матэрыялаў для гэтага артыкула я вельмі ўдзячны жыхарам вёскі Явар Лідзіі Аляксандраўне Герасімовіч, Ніне Мікалаеўне Герасімовіч, Міхаілу Мікалаевічу Буйко і жыхарцы вёскі Буйкі Любові Іванаўне Белавус.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup