Да 80-годдзя Дзятлаўскага раёна. Жалабоўскі недасяжны

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У 2006 годзе ў рэспубліканскім календары з’явіўся новы лёгкаатлетычны турнір – спаборніцтвы на прызы Міхаіла Жалабоўскага, які заснавалі Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі і Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі.

Размовы аб неабходнасці такога турніру хадзілі шмат гадоў. Рэальнасцю ж яны сталі толькі пасля таго, як самому Міхаілу Мікалаевічу споўнілася 60.

Землякам карысна даведацца, што Міхаіл Жалабоўскі ў 60-70-х гадах мінулага стагоддзя дамогся выдатных вынікаў у бегу на сярэднія і доўгія дыстанцыі. Яго бегавы дыяпазон унікальны (ад 800 да 10 000 м), і, здаецца, нікім у савецкай лёгкай атлетыцы не паўтораны.

Міхаіл Мікалаевіч Жалабоўскі – майстар спорту міжнароднага класа, неаднаразовы чэмпіён і рэкардсмен СССР у бегу на 1500 і 5000 метраў. Тройчы перамагаў на матчавых сустрэчах ЗША — СССР, удзельнік Алімпійскіх гульняў у Мехіка-68.

             Паслужны спіс Міхаіл Жалабоўскага

1965 год – 800 м.  Сярэбраны прызёр юніёрскага чэмпіянату Еўропы

1967 год – 800 м. Сярэбраны прызёр Спартакіяды народаў СССР

800 м. Пераможца матчу СССР – Польшча

1968 год – 1500 м. Чэмпіён СССР

1500 м. Паўфіналіст Алімпіяды-68

1969 год – 3х1000 м. Пераможца зімовых Еўрапейскіх гульняў у эстафеце

1500 м . Пераможца мемарыяла братоў Знаменскіх

800 м. Пераможца Кубка СССР

1500 м. Пераможца Кубка СССР

1970 год – 1500 м. Пераможца матчу СССР – ЗША

1500 м. Пераможца мемарыяла братоў Знаменскіх

1500 м. Чэмпіён СССР

1971 год –1500 м. Пераможца Спартакіяды народаў СССР

1500 м. Пераможца мемарыяла братоў Знаменскіх

3000 м. Сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР

1973 год – 5000 м. Пераможца Сусветнай універсіяды

5000 м. Чэмпіён СССР

1974 год – 8000 м. Чэмпіён СССР па кросе

8000 м. Чэмпіён Спартакіяды дружалюбных армій

Рэкардсмен СССР (2000 м, 5000 м).

Міхаіл Жалабоўскі нарадзіўся 8 мая 1946 года ў вёсцы Скіпоравічы Дзятлаўскага раёна. І ніхто тады нават не здагадваўся, што на свет з’явіўся будучы чэмпіён па бегу, рэкорды якога да сёння не пабіты.

– Я з дзяцінства добра бегаў: у школе ўсе спаборніцтвы выйграваў, – кажа Міхаіл Жалабоўскі. А чым яшчэ пасля вайны было займацца вясковаму хлапчуку? Толькі бегаць або падымаць жалеза. Штанга ў сілу маіх прыродных дадзеных адразу адпала, затое бегаў я заўсёды з задавальненнем. Ды і характару меў досыць, мог на дыстанцыі трываць да канца. У 1963 годзе на рэспубліканскіх спаборніцтвах мяне заўважыў Генадзь Станіслававіч Вільвіцкі, які сказаў, што мяне чакае вялікая будучыня ў спорце. А зусім хутка ён стаў маім першым трэнерам. Як цяпер памятаю: першая трэніроўка прайшла 23 лютага 1964 года. Я ўсёй душой паверыў Генадзю Станіслававічу, і ў нас атрымаўся выдатны тандэм. Затым мяне пачаў трэніраваць заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Томас Робертавіч Рэннель. Менавіта гэтыя два чалавекі з вялікай літары спрыялі майму прафесійнаму станаўленню. Ужо ў 1965 годзе я выйграваю чэмпіянат СССР сярод юніёраў у бегу на 800 і 1500 метраў, а на чэмпіянаце Еўропы заваёўваю сярэбраны медаль у бегу на 800 метраў. У 1973 годзе я станаўлюся чэмпіёнам Сусветнай універсіяды ў бегу на 5000 метраў. Пасля яшчэ буду трохразовым рэкардсменам СССР у бегу на 5000 метраў, сяміразовым чэмпіёнам СССР у бегу на сярэднія і доўгія дыстанцыі, трохразовым пераможцам матчу СССР –ЗША. Ой, усіх перамог і не пералічыць!

Вось меркаванні Міхаіла Мікалаевіча пра сучасны спорт: “Спорт заўсёды ідзе наперад. Але, на жаль, цяпер у бегавых дысцыплінах у нас намеціўся крызіс, і сучасныя беларускія бегуны пакуль не могуць узяць тую высокую планку, якую мы паднялі яшчэ ў часы СССР. У чым заключаецца сакрэт нашага поспеху? У першую чаргу – у працавітасці. У нас былі выразныя мэты і задачы. Калі паглядзець біяграфіі многіх вядучых беларускіх, ды і савецкіх, лёгкаатлетаў, то большасць з іх родам з перыферыі. Гэта нас яднае з тымі ж афрыканскімі лёгкаатлетамі. Пра іх феномен шмат гавораць і пішуць. Але забываюць пра галоўнае: яны родам з бедных краін. І самы магутны матыватар для іх – змяніць сваё жыццё да лепшага, вырвацца з галечы. Я таксама шмат чаго ў спорце дасягнуў, таму што вельмі хацеў праз перамогі палепшыць сваё жыццё. А цяпер нашы лёгкаатлеты жывуць у занадта камфортных умовах, а гэта расслабляе. Каб дасягнуць высокіх вынікаў, трэба цалкам прысвяціць сябе спорту, забыўшыся пра ўсё на свеце, а не ўсе на гэта здольныя ці, прасцей кажучы, не хочуць. Спорт дысцыплінуе, прывучае ставіць дакладныя мэты і ісці да іх. Спартсмен павінен развівацца і абавязкова паглыбляць свае веды па медыцыне, фізіялогіі, тады ён будзе дакладна ведаць: што для яго добра, а што дрэнна, як палепшыць свае вынікі, паскорыць рэабілітацыю пасля траўмаў і гэтак далей. Вялікую ролю іграе і правільнае, здаровае харчаванне. Зыходзячы са свайго вопыту, я рэкамендаваў бы ўжываць актыўна ў ежу натуральныя прадукты, пабольш агародніны і садавіны, словам, усё, чым так багатая наша беларуская зямля!

Нічога так проста не даецца. Але тым і каштоўныя перамогі, новыя рэкорды, калі ты перамагаеш не толькі сваіх сапернікаў, але ў першую чаргу – сябе, робіш немагчымае! Таму я вельмі катэгарычна стаўлюся да допінгу. На жаль, некаторыя трэнеры, асабліва маладыя, выбіраюць самы кароткі шлях для сваіх падапечных, актыўна звяртаючыся да дапамогі фармакалогіі. Але адплата за несумленнасць і легкадумнасць заўсёды бывае жорсткай і няўхільнай… Я заклікаю маладое пакаленне спаборнічаць сумленна. Няхай вашы вынікі пакуль не настолькі высокія, як вам бы хацелася, але яны вашы, заробленыя і выпакутаваныя ўпартай працай. А яшчэ – абавязкова думайце пра сваё здароўе, рэгулярна абследуйцеся ў спецыялістаў, нават калі вас нічога і не турбуе, вы павінны ведаць, у якім стане знаходзіцца ваш арганізм. А бегунам я рэкамендаваў бы яшчэ і трэніравацца, выступаць на розных дыстанцыях. А то цяпер усе пайшлі запар “вузкаспецыялізаваныя”: на 200 метраў, 800 метраў. Але калі вы трэніруецеся на розных дыстанцыях, гэта лепшы спосаб нарасціць сілу і цягавітасць”.

Два гады таму самаму тытулаванаму беларускаму бегуну Міхаілу Жалабоўскаму зрабілі аперацыю на сэрцы: ужывілі стымулятар. Здавалася, пасля гэтага ён пачне весці больш мерны лад жыцця. Дык не: кожную раніцу Міхаіл Мікалаевіч спяшаецца ў Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы, дзе працягвае працаваць метадыстам-інструктарам, ды і на любых хоць трохі значных спаборніцтвах яго заўсёды можна сустрэць.

Пажадаем нашаму земляку здароўя і доўгіх гадоў жыцця, а таксама плёну на карысць нашай роднай Беларусі.

Больш падрабязна даведацца пра нашага знакамітага земляка  можна будзе на выставе, якая рыхтуецца ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: