Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Было ў салдата два полі

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У кожнага з нас свой лёс, куды “ўпісаны” розныя старонкі жыцця.

Памяць аб адных людзях захоўваецца ў помніках і манументах, памяць аб другіх мы беражом у сваіх сэрцах як адгалосак іх добрых спраў. І ўсё ж самая высакародная місія ўсіх, хто хадзіў ці ходзіць па гэтай Зямлі, – быць і заставацца людзьмі. Чалавекам з вялікай літары ў памяці педагогаў і некалькіх пакаленняў выхаванцаў Дзятлаўскай школы-інтэрната застаўся франтавік, заслужаны настаўнік БССР Сямён Уладзіміравіч Цывес (сапраўдныя яго імя і імя па бацьку Шэндэль Вульфавіч).

З далейшым умацаваннем савецкай улады на тэрыторыі БССР былі звязаны 30-я гады мінулага 20 стагоддзя. І вельмі актуальным на той час з’яўлялася пытанне павышэння абараназдольнасці краіны. Узнікалі розныя абарончыя грамадскія таварыствы, быў пашыраны рух “варашылаўскіх стралкоў”. Гэта не магло не накласці адбітак на лёс Сямёна Цывеса, які нарадзіўся 23 лютага 1923 года ў пасёлку Беразіно Мінскай вобласці. Пасля заканчэння 9 класа Мінскай  сярэдняй школы № 15 юнак вырашыў добраахвотнікам уступіць у рады Рабоча-Сялянскай Чырвонай арміі (далей РСЧА). У снежні 1939 года Варашылаўскі раённы камісарыят горада Мінска залічыў Сямёна Цывеса на службу. Арміі былі патрэбны ваенныя спецыялісты, і навабранца накіравалі на вучобу ў Сталінградскае ваеннае вучылішча сувязі. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён паспеў атрымаць ваенную спецыяльнасць і званне лейтэнанта.

Службу пачынаў у складзе войск 16 асобага палка сувязі Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі. Затым быў прызначаны камандзірам узвода 101-га асобага горнага батальёна 68-й горна-стралковай дывізіі. З мая 1942 па сакавік 1943 гадоў праходзіў службу ў складзе савецкіх войскаў у горадзе Сары ў Іране.

З сакавіка 1943-га з’яўляўся  камандзірам тэлефонна-кабельнага ўзвода 6-га асобага палка сувязі 28-й Арміі. З баямі  прайшоў цяжкі шлях афіцэра па палях вайны да Перамогі ў маі 1945 года. Пры вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені 1944-га атрымаў баявую ўзнагароду – ордэн Чырвонай Зоркі.

Сямён Уладзіміравіч удзельнічаў у вызваленні Херсона, Мікалаева, Брэста, баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ва Усходняй Прусіі. Асабліва жорсткія баі вяліся за горад Кёнігсберг. За мужнасць і гераізм  на полі бою Сямён Цывес быў узнагароджаны медалямі “За ўзяцце Кёнігсберга”. У складзе 6-га асобага палка сувязі 28-й Арміі 1-га Украінскага фронту прымаў удзел у баях па ўзяцці Берліна. Аб гэтым сведчаць медаль “За ўзяцце Берліна”. Тут, у Берліне, быў узнагароджаны другім ордэнам Чырвонай Зоркі. Пазней Сямён Уладзіміравіч быў узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй”. За ранейшыя баявыя заслугі ў маі 1985 года атрымаў ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені.

Сямён Цывес закончыў службу ў 1947 годзе ў Германіі і дэмабілізаваўся пасля хваробы.

У тагачасны пасёлак Дзятлава былы франтавік прыбыў таму, што сюды пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прыехала жыць яго матуля – Гіта Шэндэраўна. Бацьку Сямёна Уладзіміравіча, які працаваў у горадзе Мінску шаўцом, расстралялі фашысты ў яўрэйскім гета яшчэ ў 1941 годзе. Маці ўдалося збегчы з гета і далучыцца да партызан, якія базіраваліся ў Налібоцкай пушчы.

З 1947 года Сямён Цывес – работнік мірнай нівы. На Дзятлаўшчыну ён прыехаў з жонкай Юліяй Маісееўнай (Турэцкай), якая працавала ў дзіцячым доме і школе-інтэрнаце. Забягаючы наперад, зазначу, што разам яны пражылі да 1988 года, выгадавалі сына Міхаіла і дачку Ганнау.

З верасня 1947 года Сямён Цывес працаваў ваенным кіраўніком Дзятлаўскай сярэдняй школы, пасля хваробы яго прызначылі дырэктарам райпрамкамбіната. Амаль два гады, да жніўня 1950-га, ён быў вызваленым камсоргам  Дзятлаўскай СШ, выхавальнікам Дзятлаўскага спецдома, затым настаўнікам матэматыкі і загадчыкам вучэбнай часткі СШ № 1 горада Дзятлава. У 1954-1955 гадах паспрабаваў сябе ў якасці дырэктара Гірыцскай няпоўнай сярэдняй школы. Разумеючы неабходнасць атрымання педагагічнай адукацыі, Сямён Уладзіміравіч у 1952 годзе скончыў Баранавіцкі педагагічны інстытут, а ў 1957-м – Гродзенскі педінстытут імя Я. Купалы па кваліфікацыі “настаўнік фізікі і матэматыкі”. 20 лістапада 1962 года Сямёна Цывеса прызначаюць на пасаду дырэктара Дзятлаўскай школы-інтэрната.

Пад кіраўніцтвам Сямёна Уладзіміравіча працаваў зладжаны педагагічны калектыў, дзякучы якому школа была лідарам сярод школ раёна. У 1964 годзе яго папоўніла педагог Лідзія Іванаўна Нічыпар. Доўгі час яна была намеснікам дырэктара. Лідзія Іванаўна расказала, што Сямён Уладзіміравіч Цывес працаваў на пасадзе дырэктара школы да выхаду на пенсію ў 1983 годзе. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны настаўнік БССР, вопытны і таленавіты педагог – такім запомніўся калегам і выхаванцам школы Сямён Уладзіміравіч. Ён умела кіраваў установай. Быў строгім і патрабавальным да ўсіх, хто з ім працаваў. Імкнуўся, каб дзеці былі накормленыя, апранутыя, добра вучыліся, развівалі свае здольнасці.

Сямён Уладзіміравіч прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна. Неаднаразова яго выбіралі дэпутатам Дзятлаўскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных.

Яўгенія Рыгораўна Савань ўспамінае:

– Я пазнаёмілася з Сямёнам Уладзіміравічам у 1965 годзе, але чула пра яго раней, працуючы ў Слонімскім райкаме камсамола. У студзені таго ж года была абрана сакратаром Дзятлаўскага райкама камсамола. Сямён Уладзіміравіч быў умелым кіраўніком, які на ўласным прыкладзе вучыў педагогаў і вучняў умела арганізоўваць рабочы дзень так, каб хапала часу не толькі на працу і вучобу, але і на адпачынак. Мне прыемна было бачыць дырэктара школы разам з педагогамі і вучнямі на канферэнцыях, піянерскіх злётах. Яго выступленні былі абдуманыя, узважаныя. Хацелася не проста слухаць гэтага чалавека, але і працаваць поруч з ім. Сямёна Уладзіміравіча паважалі дарослыя і дзеці, любілі за добразычлівыя адносіны да людзей, за самаадданасць абранай справе, эрудыцыю, уменне зразумець людзей і прыняць правільнае рашэнне.

Памёр Сямён Цывес 24 студзеня 1988 года і пахаваны на дзятлаўскіх могілках. Ён вельмі любіў дзяцей, працаваў для іх, не шкадуючы сябе. Сімвалічна, што побач з яго магілай знаходзіцца пахаванне дзяцей, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

На Дзятлаўшчыне жыве шмат ветэранаў педагагічнай працы, якія былі адзінай сям’ёй у школе-інтэрнаце. Будзе выдатна, калі і яны падзеляцца сваімі ўспамінамі і прадоўжаць аповед пра “Дзятлаўскі дом дзяцінства”.

За дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула дзякую вядучаму спецыялісту Дзятлаўскага раённага ваеннага камісарыята Валянціну Аляксеевічу Абухаву.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: