Абітурыенту-2020. Сёння – навучэнец, заўтра – афіцэр

Важнае Да ведама грамадзян Свежыя навіны

Прафесія ваеннага ў нашай краіне застаецца па-ранейшаму папулярнай.

Жыццё ў пагонах прыцягвае маладых людзей, і нездарма, ваенная служба – гэта яшчэ і стабільнасць: афіцэры маюць годную заработную плату, ільготы і іншыя перавагі перад спецыялістамі грамадскіх прафесій.

Аб тым, як стаць афіцэрам і дзе можна атрымаць ваенную прафесію, расказалі нашы землякі – курсанты ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Яўген Сядляр і Дзмітрый Шумскі:

– Ваенны факультэт Беларускага дзяржаўага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі займае адно з лідзіруючых месцаў у сістэме ваеннай адукацыі Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляе падрыхтоўку кадравых афіцэраў для Узброеных Сіл і іншых сілавых структур і ведамстваў Рэспублікі Беларусь па шэрагу спецыяльнасцяў і напрамкаў. Гэта радыётэхніка па напрамку спецыяльныя сістэмы радыёлакацыі і радыёнавігацыі; стандартызацыя, сертыфікацыя і кантроль параметраў. Яшчэ адна спецыяльнасць – вылічальныя сістэмы і сеткі па напрамку вылічальныя сістэмы і сеткі спецыяльнага прызначэння.

Тэрмін навучання па ўсіх спецыяльнасцях складае чатыры гады.

Навучанне на ваенным факультэце ажыццяўляецца толькі на дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Паступіўшы на ваенны факультэт, курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні на працягу ўсяго перыяду навучання, атрымліваюць  якасную бясплатную адукацыю, па заканчэнні ўсім выпускнікам гарантуецца працаўладкаванне, дастойная аплата, прадастаўляюцца сацыяльныя гарантыі і шырокі спектр магчымасцяў для прафесійнага і кар’ернага росту.

За гады навучання курсанты набываюць веды і навыкі, якія дазваляюць ім пасля рэалізаваць сябе ў галіне распрацоўкі, праектавання і эксплуатацыі апаратуры сувязі рознага прызначэння, у тым ліку і ваеннага. Яны будуць запатрабаваны ў падраздзяленнях войскаў сувязі, на прадпрыемствах сувязі, у праектных і навукова-даследчых інстытутах, вылічальных цэнтрах.

На ваенным факультэце створаны ўсе ўмовы, каб курсанты сталі высокаадукаванымі і ўсебакова развітымі спецыялістамі.

Спецыялізаваныя аўдыторыі ваеннага факультэта абсталяваны ўзбраеннем і ваеннай тэхнікай сувязі і супрацьпаветранай абароны, якія павінны ведаць будучыя афіцэры-сувязісты.

Ва ўніверсітэце створана карпаратыўная камп’ютэрная сетка, функцыянуюць інфармацыйна-адукацыйны WEB-партал, электронная бібліятэка, а таксама забяспечаны выхад у сетку Інтэрнэт. У бібліятэчным фондзе ўніверсітэта размяшчаецца ўся неабходная тэхнічная і іншая спецыяльная літаратура.

Ужо  з першых дзён заняткаў спорт трывала замацоўваецца ў паўсядзённым жыцці курсантаў ваеннага факультэта БДУІР, а таму вялікая ўвага надаецца іх фізічнай падрыхтоўцы і здароваму ладу жыцця. Усе спартыўныя аб’екты ўніверсітэта маюць сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу.

Курсанты ваеннага факультэта маюць магчымасць наведваць тэатры, музеі, гістарычныя і культурныя месцы сталіцы, створаны ўмовы для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў.

Выпускнікі ваеннага факультэта, якія маюць схільнасці да навуковай дзейнасці, могуць працягнуць навучанне ў магістратуры і аспірантуры.

– Які алгарытм дзеянняў перад паступленнем належыць здзейсніць тым, хто вырашыў паступаць на ваенны факультэт БДУІР?

–  Каб стаць курсантам ваеннага факультэта БДУІР, неабходна звярнуцца ў ваенны камісарыят па месцы жыхарства ў год паступлення не пазней за 1 красавіка. Там будучым абітурыентам прапануюць напісаць заяву з просьбай аб паступленні. Затым выпускнікі павінны прайсці медыцынскі агляд ваенна-ўрачэбнай камісіі на прыдатнасць да праходжання ваеннай службы. Наступны этап – прафесійны адбор і здача нарматываў па фізічнай падрыхтоўцы. Пасля праходжання прафесійнага адбору абітурыентам належыць здаць уступныя выпрабаванні па фізіцы, матэматыцы, беларускай або рускай мове ў форме цэнтралізаванага тэсціравання.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup