Свой 50-гадовы юбілей адзначае сёлета Вензавецкая сярэдняя школа.
Яе будаўніцтва пачалося ў 1968 годзе і доўжылася амаль два гады. У 1970 годзе ў вёсцы Вензавец увялі ў эксплуатацыю двухпавярховы школьны будынак са спартыўнай залай, цэнтральным ацяпленнем і водаправодам. Спачатку яна ацяплялася вуглём з цэнтральнай кацельні, а ў 90-я гады быў падведзены прыродны газ. Парог новай школы пераступілі 196 хлопчыкаў і дзяўчынак. Так пачалася гісторыя гэтай навучальнай установы.
Усім гэтым працэсам кіраваў першы дырэктар школы Міхаіл Міхайлавіч Клімко, які аддаў ёй 32 гады бездакорнага служэння.
Сюды прыйшлі вучыцца дзеці з бліжэйшых вёсак: Гірычы, Міроўшчына, Лудзічы, Кашкалы, Труханавічы, Нагорнікі, Лагуны, Жадзейкі, Юравічы, Мядзвінавічы. Каб умацаваць матэрыяльную базу, навучэнцы з ахвотай дапамагалі мясцоваму калгасу ў зборы яблыкаў, бульбы, на ўборцы лёну. Большую частку заробленых грошай трацілі на дадатковае абсталяванне для школы.
Спатрэбілася некалькі гадоў, каб велізарная школьная тэрыторыя набыла абжыты выгляд. У 80-я гады была пабудавана вялікая цяпліца, дзе вырошчвалі расаду. Многае для добраўпарадкавання тэрыторыі зрабіла настаўнік біялогіі Г. М. Клімко, а намаганнямі настаўніка фізічнай культуры В. В. Ціхановіча быў створаны школьны стадыён.
Вензавецкая школа заўсёды славілася сваімі педагогамі. З самага пачатку яе існавання працавалі тры выдатнікі народнай адукацыі: настаўнік пачатковых класаў Г. М. Каско, настаўнік біялогіі Г. М. Клімко, дырэктар, настаўнік геаграфіі М. М. Клімко.
Многія настаўнікі школы былі настолькі адметнымі людзьмі, што памяць пра іх засталася ў душах выпускнікоў і перадаецца з вуснаў у вусны ў выглядзе легенд дзясяткі гадоў. Гэта настаўнік матэматыкі У. С. Ражко, настаўнік беларускай мовы і літаратуры У. В. Лупік, настаўнікі рускай мовы і літаратуры А. П. Шабан, У. І. Дзявойна, настаўнік пачатковай ваеннай падрыхтоўкі М. І. Дудзіч.
Асобныя словы падзякі адрасуюць сёння вучні 70-90-х гадоў сваім першым настаўнікам і называюць іх сапраўднымі энтузіястамі — А. І. Грынцэвіч, А. М. Каско, Р. В. Нячай, Л. М. Шэцік.
У 1978 годзе ў школу прыйшоў працаваць малады настаўнік гісторыі С. В. Русін, які не толькі выкладаў, але і захапіў вучняў жывапісам. У 80-я гады прыкметна змяніўся ўнутраны выгляд школы: памяшканні ўпрыгожаны мастацкімі работамі Сяргея Уладзіміравіча. Дзякуючы яго намаганням, створаны адзін з лепшых ціраў у раёне.
Сапраўднымі прафесіяналамі ў метадычнай рабоце ў школе былі намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце Л. Ф. Дзянісік, якая была ініцыятарам, творчым натхняльнікам многіх мерапрыемстваў у школе, Л. К. Грэйня, цудоўны настаўнік геаграфіі.
Ішлі гады… адбылася змена пакаленняў у педагагічным калектыве школы. Г. І. Франюк, выпускніца школы, а цяпер яе кіраўнік з 17-гадовым стажам, так адклікаецца пра той час:
— Гэта не проста былі гады працы, гэта мой рост, натхненне. Якія са мной працавалі Настаўнікі з вялікай літары, з іскрай у вачах, з любоўю ў сэрцы. Жыццё ў школе віравала: агляды, конкурсы, спаборніцтвы. І заўсёды Вензавецкая сярэдняя школа была ў ліку лепшых.
Ганна Іванаўна распавяла не толькі аб сваёй педагагічнай дзейнасці, але і ўзгадала гады юнацтва, вучобу ў роднай школе, любімую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры З. І. Дудзіч, настаўніка хіміі Ф. К. Абрамчык, гісторыі – Н. С. Гедвілла, С. У. Русіна, нямецкай мовы – В. Н. Губар, выхавальніка групы падоўжанага дня А. К. Дзявойна, якія вучылі валодаць сабой, выбудоўваць узаемаадносіны, шанаваць традыцыі.
Навучанню і выхаванню падрастаючага пакалення Ганна Іванаўна прысвяціла 36 гадоў свайго жыцця. За час яе кіраўніцтва школа зведала некаторыя кадравыя змены, рэарганізацыю ў вучэбна-педагагічны комплекс “дзіцячы сад-сярэдняя школа”, зліццё з педагагічнымі калектывамі Міроўшчынскай пачатковай школы ў 2007 годзе, Яварскай сярэдняй школы ў 2013 годзе.
Сёння ў школе працуе стабільны, дасведчаны калектыў – 23 педагогі, якія маюць за сваю працу шмат узнагарод.
З 2016 года ўстанова адукацыі займае лідзіруючыя пазіцыі ў раённым рэйтынгу якасці адукацыі. У 2017 годзе педагагічны калектыў быў занесены на раённую Дошку гонару.
За 50 гадоў існавання ў новым будынку школа выпусціла 1232 вучні, з іх скончылі сярэднюю школу 622. З залатымі і сярэбранымі медалямі – 42 выпускнікі, 12 выпускнікоў вярнуліся працаваць у школу педагогамі.
З днём нараджэння, школа! Ад усёй душы жадаем, каб усе нашы імкненні і дасягненні, трыумфы і поспехі перапляталіся з моцным здароўем, душэўнай гармоніяй, усеагульнай павагай і прызнаннем.
Наталля ТАМАШОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вензавецкай школы
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup