Як будуць прызначацца пенсіі ў 2020 годзе?

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Са студзеня 2017 года пачалося паэтапнае (на паўгода ў год) павышэнне агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамi – 58 гадоў.

Хто сёлета зможа скарыстацца правам на працоўную пенсію па ўзросце, на якія важныя пытанні варта звярнуць увагу будучым пенсіянерам, тлумачыць намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава:

– Адпаведна павелічэнню агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту адбываецца павелічэнне ўзросту выхаду на датэрміновыя пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў.

У 2020 годзе скарыстацца правам на працоўную пенсію па ўзросце змогуць мужчыны, якія нарадзіліся ў другой палове 1958 года пры дасягненні 62 гадоў, і жанчыны, якія нарадзіліся ў другой палове 1963 года пры дасягненні 57 гадоў.

Аднак варта звярнуць увагу, што ўзрост выхаду на пенсію залежыць не толькі ад даты нараджэння, але і ад даты звароту па прызначэнне пенсіі. Калі жанчына, якая нарадзілася ў снежні 1963 года, не звернецца па прызначэнне пенсіі ў снежні 2020 года, а звернецца ў студзені 2021, то тэрмін яе выхаду на пенсію ў 2021 годзе будзе павялічаны яшчэ на паўгода.

Абавязковай умовай для рэалізацыі права на працоўную пенсію па ўзросце і за выслугу гадоў, акрамя дасягнення ўстаноўленага ўзросту, з’яўляецца наяўнасць страхавога стажу вызначанай законам працягласці.

Пачынаючы са студзеня 2017 года, страхавы стаж, неабходны для прызначэння працоўнай пенсіі, павялічваецца на паўгода ў год.

Калі ў 2017 годзе патрабавалася наяўнасць не менш за 16 гадоў стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, то ў 2018 годзе – ужо не менш за 16 гадоў і 6 месяцаў страхавога стажу, у 2019-ым – не менш за 17 гадоў, а ў 2020 годзе неабходна мець не менш за 17 гадоў і шэсць месяцаў страхавога стажу.

Выключэнне складаюць шматдзетныя маці, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей, маці ваеннаслужачых, смерць якіх звязана з выкананнем абавязкаў ваеннай службы, інваліды вайны, інваліды з дзяцінства, бацькі дзяцей-інвалідаў, ліліпуты і карлікі – гэтым катэгорыям грамадзян для атрымання права на працоўную пенсію па ўзросце патрабуецца не менш за 5 гадоў страхавога стажу.

Акрамя таго, да 10 гадоў зніжана працягласць страхавога стажу для асобаў, якія доўгі час ажыццяўлялі сацыяльна значныя віды дзейнасці і таму не змаглі сфарміраваць патрэбны страхавы стаж, але пры гэтым маюць агульны стаж не менш за 40 гадоў – мужчыны, не менш за 35 гадоў – жанчыны.

Пры такой жа працягласці страхавога стажу (10 гадоў) і наяўнасці агульнага стажу 25 гадоў у мужчын, 20 гадоў у жанчын, пенсія па ўзросце прызначаецца грамадзянам, якія доўгі час (не менш за 10 каляндарных гадоў без уключэння ў гэты стаж часу знаходжання ў сацыяльным водпуску па догляддзе дзяцей) праходзілі ваенную службу, службу ў ваенізаваных арганізацыях і пры гэтым не набылі права на пенсію па нормах Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсiйным забеспячэннi ваеннаслужачых, асобаў начальніцкага і радавога саставу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сiтуацыях i органаў фiнансавых расследаванняў”.

Пры прызначэнні пенсіі ў 2020 годзе заробак вылічваецца за апошнія 26 гадоў, якія папярэднічаюць прызначэнню пенсіі (згодна з заканадаўствам, перыяд для вылічэння індывідуальнага каэфіцыента заробку штогод павялічваецца на адзін год ад фактычна наяўнага стажу работы асобы, якая звярнулася па пенсію).

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup