Ветэран і сёння ў страі

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Гады два таму напісала ў раённую газету артыкул “Гісторыя жыве побач з намі”, у якім звярнулася да жыхароў Дзятлаўшчыны з просьбай прыносіць старыя і непатрэбныя рэчы ў музей. Магчыма, такія прадметы якраз тое, што так неабходна “храму гісторыі” для стварэння новай экспазіцыі. Адгукнуліся многія.

Адным з такіх неабыякавых людзей аказаўся Уладзімір Аляксандравіч Грышук. Ён прапанаваў цікавыя матэрыялы, а таксама ўспаміны пра камсамольскае жыццё на Дзятлаўшчыне перыяду яго маладосці.

Уражанне ад сустрэчы з Уладзімірам Аляксандравічам склалася самае светлае: актыўны, валявы, неабыякавы чалавек, гатовы патраціць свой час на паездкі з Казлоўшчыны ў Дзятлава дзеля нашай музейнай справы. А яшчэ ўразіла глыбіня выкладання матэрыялу і абсалютная граматнасць нашага героя.

Уладзімір Аляксандравіч Грышук нарадзіўся 19 сакавіка 1949 года ў вёсцы Скрундзі Дзятлаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы і прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 13 горада Севастопаля працаваў на суднабудаўнічым заводзе імя Сярго Арджанікідзе ў горадзе Севастопалі слесарам-судазборшчыкам. Адтуль быў прызваны ў рады Савецкай арміі. Служыў у Малдавіі, у горадзе Кішынёве, у асобным спецыяльным вайсковым батальёне міліцыі па ахове грамадскага парадку. Прымаў удзел у выратаванні і эвакуацыі насельніцтва і матэрыяльных каштоўнасцей некаторых гарадоў Малдавіі ў час паводкавых сітуацый.

У 1970 годзе за затрыманне трох асабліва небяспечных злачынцаў, якія збеглі з калоніі строгага рэжыму, фотаздымак Уладзіміра Грышука на фоне сцяга часці загадам камандзіра за мужнасць і смеласць быў навечна занесены ў Кнігу гонару і баявой славы, сам герой быў узнагароджаны каштоўным падарункам – электрабрытвай “Нява” і знакам “За адзнаку ў службе II ступені”.

Пасля заканчэння ваеннай кафедры ў Мінскай вышэйшай партыйнай школе стажыроўку праходзіў у танкавым батальёне горада Нова-Барысава на пасадзе зампаліта камандзіра часці. Вайсковую службу скончыў у званні старшага лейтэнанта.

Пасля дэмабілізацыі працаваў у калгасе “Слава працы” ў якасці загадчыка вытворчага ўчастка, агранома, галоўнага агранома і адначасова ўзначальваў камсамольскую арганізацыю гаспадаркі, у складзе якой было больш за 120 членаў камсамола.

Пасля заканчэння Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума па спецыяльнасці аграномія і Мінскай вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КП Беларусі быў накіраваны на працу ў Дзятлаўскі райкам КПБ інструктарам арганізацыйнага аддзела.

У сакавіку 1981 года быў выбраны і працаваў на працягу шасці гадоў старшынёй калгаса “Чырвоны Кастрычнік” Дзятлаўскага раёна. Калгас выйшаў у перадавікі, атрымліваў высокія ўраджаі зерневых. Затым Уладзімір Аляксандравіч працаваў выкладчыкам Казлоўшчынскага ПТВ-191, таксама

знаходзіўся на пасадзе старшыні Казлоўшчынскага пасялковага Савета дэпутатаў, працаваў старшынёй калгаса “Слава працы”, выкладчыкам, метадыстам, намеснікам дырэктара па курсавой падрыхтоўцы ў Казлоўшчынскім дзяржаўным сельскагаспадарчым ліцэі. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам мясцовага і раённага Савета дэпутатаў.

Цяпер Уладзімір Грышук знаходзіцца на заслужаным адпачынку, мае званне “Ветэран працы”, яго працоўны шлях і грамадская дзейнасць адзначаны шматлікімі ўзнагародамі і ганаровымі граматамі: ордэнам Працоўнай Славы, юбілейным медалём “За воінскую доблесць” да 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна, ганаровым знакам ЦК ВЛКСМ “Залаты колас”, нагрудным знакам адзнакі ЦК КПБ “Вернасць”, знакам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1973 года”.

Слаўны шлях чалавека, які і сёння ў страі, хоча прыносіць карысць людзям і сваёй роднай зямлі.

 

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: