Невялічкая вёсачка Гузні Дзятлаўскага раёна, у якой у 2009 годзе налічвалася 23 жыхары, знаходзіцца недалёка ад ракі Нёман, на старажытнай зямлі, дзе калісьці, многа тысяч гадоў таму, размяшчаліся першыя стаянкі першабытнага чалавека.
Тут, у Гузнях, у студзені 1935 года нарадзіўся хлопчык – Віталь Бартан. Яму суджана было стаць вядомым логікам, распрацоўшчыкам падручнікаў па гэтай няпростай навуцы.
Пасля заканчэння Дзям’янаўскай сямігадовай школы ў 1951 годзе паступіў у Лідскае педвучылішча. Гады вучобы далі зразумець, што праца настаўніка не толькі падабаецца, але і прыносіць асалоду. Віталь быў актыўным удзельнікам студэнцкіх паходаў, спектакляў, захапляўся спортам.
У час вучобы быў прызваны на тэрміновую службу ў армію, пасля дэмабілізацыі працягнуў вучобу ўжо ў Навагрудскім педвучылішчы, таму што Лідскае было закрыта. Скончыў вучобу ў 1958 годзе, атрымаў дыплом настаўніка, размеркаваўся ў Бераставіцкі раён, пазней перавёўся ў Дзятлаўскі.
Але маладога чалавека не пакідала мара вучыцца далей, таму нягледзячы на значную нагрузку ў школе, занятасць, вырашыў паступіць завочна ў БДУ на аддзяленне філасофіі. Тут яго прыкмецілі выкладчыкі, адзначылі дапытлівасць, аналітычны склад розуму, вялікую працаздольнасць і прапанавалі паступаць у аспірантуру. Так у 1966 годзе Віталь Іванавіч Бартан паступіў у аспірантуру пры кафедры гісторыі філасофіі і логікі, а ў 1969 годзе ўжо залічаны выкладчыкам на гэту кафедру. Пачалася кар’ера вучонага, выкладчыка. Канчаткова пераехаў у сталіцу.
У 1972 годзе Віталь Іванавіч абараніў кандыдацкую дысертацыю, атрымаў вучоную ступень кандыдата філасофскіх навук, а крыху пазней і вучонае званне дацэнта.
Кар’ера маладога вучонага склалася паспяхова. Захапіўся логікай, навукай, якая на той час была распрацавана недастаткова, для выкладання прадмета на розных факультэтах вышэйшых навучальных устаноў не хапала падручнікаў, дапаможнікаў. Ушчыльную, напружана працуючы ў галіне логікі, Віталь Іванавіч Бартан стварыў падручнікі “Параўнанне як сродак пазнання”, “Фарміраванне перакананняў і лекцыйная прапаганда”. Ён сааўтар вучэбных дапаможнікаў “Логіка”, “Зборнік практыкаванняў па логіцы”, “Логіка: лагічныя асновы зносін”. Апублікаваў больш за 100 навуковых прац у перыядычным друку. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтаваны чатыры кандыдаты навук.
Памёр Віталь Іванавіч Бартан у 2006 годзе.
На вялікі жаль, у нашым музеі няшмат матэрыялаў пра Віталя Іванавіча: толькі фотаздымак і падручнік па логіцы. І пошукі яго сям’і завяршыліся няўдачай. Таму мы звяртаемся да неабыякавых людзей, нашых землякоў з просьбай: калі вы ведалі Віталя Іванавіча, вучыліся ў яго, родам з Гузнёў і можаце нешта расказаць, патэлефануйце да нас у музей. Будзем шчыра вам удзячныя.
Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup