Дадатковыя гарантыі за асаблівыя ўмовы працы

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ № 15 ад 17 студзеня 2020 года “Аб змяненнях указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

Якое значэнне падпісанне ўказа будзе мець для некаторых нашых землякоў і якія важныя пытанні з яго дапамогай будуць вырашаны, тлумачыць намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава:

– Гэты дакумент рэгулюе пытанні датэрміновага пенсійнага забеспячэння грамадзян, занятых на работах з асаблівымі ўмовамі працы і асобнымі відамі прафесійнай дзейнасці. Работнікам з асаблівымі ўмовамі працы прадастаўлены дадатковыя гарантыі, магчымасці выбару льготнай пенсіі.

Да 1 студзеня 2009 года права на датэрміновыя пенсіі (пенсіі па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы або пенсіі за выслугу гадоў) прадастаўлялася па нормах Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”, і іх фінансаванне ажыццяўлялася з агульнай пенсійнай сістэмы.

З 1 студзеня 2009 года ў краіне дзейнічае сістэма прафесійнага пенсійнага страхавання работнікаў, занятых у асаблівых умовах працы. Да цяперашняга часу работнік, які выпрацаваў пасля 1 студзеня 2009 года не менш за палову спецыяльнага (льготнага) стажу, неабходнага для назначэння пенсіі, пераходзіў у прафесійную пенсійную сістэму, гэта значыць, набываў права на назначэнне толькі датэрміновай або дадатковай прафесійнай пенсіі і страчваў права на пенсію датэрмінова па законе Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” (гэта значыць, датэрміновую пенсію па ўзросце ці за выслугу гадоў). Такая сістэма дзейнічае ўжо 10 гадоў, і практыка паказала, што работнікі, якія перайшлі ў прафесійную пенсійную сістэму, не змаглі назапасіць дастаткова сродкаў для нармальнай дадатковай пенсіі.

Прэзідэнтам было прынята рашэнне аб тым, каб работнікам з працяглым стажам работы ў асаблівых умовах працы, якія выпрацавалі да 1 студзеня 2009 года (да ўвядзення прафесійнага пенсійнага страхавання) не менш за палову патрэбнага поўнага льготнага стажу, прадастаўлялася права на назначэнне датэрміновай пенсіі (пенсіі па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы або пенсіі за выслугу гадоў) па Законе Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” (па артыкулах 12, 13, 15 або артыкулах 47-49, 49-2 адпаведна).

Вызначаная пенсія назначаецца са сродкаў агульнай пенсійнай сістэмы.

Такім чынам, асобы, якія да 1 студзеня 2009 года адпрацавалі не менш за палову патрэбнага льготнага стажу, будуць мець права на назначэнне датэрміновай ільготнай пенсіі ў агульнай пенсійнай сістэме ўзамен датэрміновай прафесійнай пенсіі ў сістэме прафесійнага пенсійнага страхавання. А асобы, у якіх да 1 студзеня 2009 года сфарміраваны нязначны спецыяльны стаж, будуць у далейшым забяспечвацца пенсіяй па правілах прафесійнага пенсійнага страхавання.

Гэта норма ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2020 года.

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup