У цэнтры ўвагі – праблема гвалту ў сем’ях

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Праблема гвалту характэрная для розных слаёў насельніцтва, але сацыяльна ненадзейныя сем’і яна закранае часцей.

Як правіла, многія факты гвалту застаюцца незафіксаванымі, і ў рэальнасці іх існуе больш за лічбы статыстыкі.

У Беларусі пакуль няма асобнага закона аб папярэджанні хатняга гвалту. Нормы Крымінальнага кодэкса і Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях скіраваны не на папярэджанне, а на ліквідацыю наступстваў і пачынаюць дзейнічаць пасля факту ўчынення гвалту.

Найбольш распаўсюджанай формай гвалту з’яўляецца фізічны, колькасць выпадкаў у быце павялічваецца. Сёлета судом Дзятлаўскага раёна асуджаны 10 асобаў (арт. 186 КК РБ) за пагрозу забойствам з выкарыстаннем нажа, нажніц, пнеўматычнага пісталета, ці пагроза выказвалася словамі і суправаджалася здушваннем шыі пацярпелых. Гвалт учынялі над жонкамі, былымі жонкамі, сужыцелькамі, сваякамі. Двое грамадзян асуджаны за такія дзеянні двойчы за год. Па дзвюх справах былі асуджаны па сукупнасці злачынстваў: за пагрозу забойствам і нанясенне лёгкага цялеснага пашкоджання з кароткачасовым расстройствам здароўя.

Так, грамадзянін Т. у стане алкагольнага ап’янення ў час сваркі, трымаючы нож, пагражаў сваёй састарэлай жонцы забойствам, што яна ўспрыняла ўсур’ёз. Ён жа нанёс ахвяры не менш за дзесяць удараў рукамі, здушваў шыю. Жанчына атрымала сатрасенне мозгу і сінякі. Мужчына пакараны (арт. 186, 153 КК РБ) штрафам у памеры 31 базавай велічыні.

Пяці асуджаным назначана прымусовае лячэнне ад алкагольнай залежнасці. У 9 з 10 выпадкаў пацярпелыя прабачалі абвінавачаных, прасілі аб змякчэнні пакарання.

Судом разгледжаны чатыры крымінальныя справы за нанясенне лёгкага цялеснага пашкоджання з кароткачасовым расстройствам здароўя (арт. 153 КК РБ). Пацярпелымі былі жонкі і сужыцелькі абвінавачаных. Злачынствы ўчынены ў стане алкагольнага ап’янення. Дзве асобы асуджаны да арышту, адна – да штрафу, адна – вызвалена ад крымінальнай адказнасці, бо грамадска-небяспечныя дзеянні ўчыняла ў несвядомым стане.

Штогод суд разглядае вялікую колькасць спраў па арыкуле 9.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (наўмыснае нанясенне цялеснага пашкоджання і іншыя гвалтоўныя дзеянні або парушэнне абарончага прадпісання). Сёлета разгледжаны 332 такія справы, большая частка – па выніках сямейных канфліктаў. Найчасцей такія справы спыняюцца ў сувязі з прымірэннем бакоў у судзе.

Адна з важнейшых задач праваахоўных органаў – папярэдзіць гвалт. У гэтым кірунку суд выкарыстоўвае розныя формы работы: шэсць крымінальных спраў па артыкулах 186 і 153 КК РБ, восем спраў па артыкуле 9.1 КоАП РБ былі разгледжаны ў час выязных судовых пасяджэнняў. Па трох крымінальных справах гэтай катэгорыі вынесены прыватныя пастановы на адрас арганізацый, дзе працуюць асуджаныя.

Сяргей СЁМУХА,
старшыня суда Дзятлаўскага раёна