Тэатралізаваная сустрэча “Казачны карагод”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Кожны беларус чуе родную мову, народныя песні, ведае, як з веку ў век святкавалі святы ў нашым краі.

Далучэнне дзяцей дашкольнага ўзросту да роднай мовы садзейнічае не толькі ўзбагачэнню мовы дзяцей, але і развівае іх пазнавальныя і інтэлектуальныя магчымасці, пашырае веды пра беларускую культуру.

З гэтай мэтай у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава дзеці 4-5 гадоў запрасілі сваіх бацькоў у незвычайнае падарожжа па краіне беларускіх казак. Адбылася тэатралізаваная сустрэча “Казачны карагод”.

Юныя артысты ў касцюмах герояў казак выразна выконвалі свае ролі, мілагучнаю была родная мова, адбываліся казачныя падзеі.

Выхаванцы прадэманстравалі бацькам вершаваную інсцэніроўку тэатра набіўной лялькі паводле народнай казкі “Пшанічны каласок”, тэатральную пастаноўку “Мядовая хвароба” паводле верша Міколы Гамолкі. Да дзяцей і дарослых завітала каза з беларускай народнай казкі “Каза-Манюка”.

Каб навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, вялікае значэнне мае асабісты прыклад дарослых і асабліва бацькоў.

 

Таццяна ЗЕНАВА,
выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 г. Дзятлава