Паўстагоддзя на службе медыцыне

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Кожнаму з нас 2019 год прынёс пэўныя набыткі.

Ён быў выніковы і для нашай зямлячкі – рэнтгеналабаранта Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Галіна Сілівончык. Напрыканцы снежня прыйшла вестка, што Галіна Браніславаўна прадстаўлена да Падзякі Міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Больш за паўстагоддзя Галіна Сілівончык самааддана служыць медыцыне і ні разу не пашкадавала аб выбары прафесіі. Цікава было даведацца ў медыка з такім значным стажам, як удаецца крочыць у нагу з часам, асвойваць усё больш складанае абсталяванне, дабівацца прафесійных поспехаў.

– Галіна Браніславаўна, чаму вырашылі стаць медработнікам?

– З дзяцінства марыла аб гэтай высакароднай прафесіі. Не расчаравалася ў сваім выбары, калі стала навучэнкай Слонімскага медыцынскага вучылішча. Маё прафесійнае станаўленне пачалося ў 1967 годзе ў Парэцкай участковай бальніцы, дзе дзевяць гадоў адпрацавала фельчарам. Там сустрэла будучага мужа. Пазней, калі пабудавалі свой дом у Дзятлаве, перавялася працаваць у райцэнтр. Скончыла курсы і стала рэнтгеналабарантам. У рэнтгенаддзяленні працую ўжо сорак тры гады.   

– Што вас прываблівае ў гэтай рабоце?

– Пастаянная навізна. У практыцы не бывае абсалютна аднолькавых выпадкаў, кожны – індывідуальны, таму работа патрабуе адметнага падыходу. Рука, нага, чэрап, складаныя траўмы і лёгкія. Заўсёды трэба падумаць, як лепш зафіксаваць пацыента, каб, па-першае, на прычыніць яму лішняга болю, па-другое, зрабіць здымак так, каб доктар мог вызначыць дыягназ. Рэнтгеналабарант – гэта першы памочнік траўматолага і іншых спецыялістаў-медыкаў. Наша аддзяленне выяўляе шмат захворванняў: ад запалення лёгкіх і траўмаў да анкалогіі. 

– Якія якасці характару дапамагаюць у прафесіі?

– Мяркую, галоўныя якасці паспяховага медработніка і добрага чалавека – міласэрнасць, чуласць, адказнасць, неабыякавасць. Часта і добрае слова можа рабіць цуды, таму трэба быць уважлівымі да хворых, падтрымліваць іх у цяжкую хвіліну. Безумоўна, да кожнага пацыента патрэбен свой падыход, бо ў стрэсавых сітуацыях людзі праяўляюць сябе па-рознаму.

– Сёння рэнтгенаддзяленне забяспечана сучасным абсталяваннем. Ці не складана вам было яго асвойваць?

– За час маёй работы рэнтгеналабарантам тэхналогіі зрабілі значны крок наперад. Цяжка параўнаць тыя апараты, на якіх я пачынала працаваць, з сучасным абсталяваннем. Але медык – гэта чалавек, які пастаянна самаўдасканальваецца. Жыццё дыктуе новыя патрабаванні, і мы стараемся ім поўнасцю адпавядаць. Кожныя пяць гадоў езджу на курсы павышэння кваліфікацыі, стараюся ні ў чым на адставаць ад сваіх малодшых калегаў, а калі ёсць імкненне вучыцца, лічу, будзе і поспех.

– Скажыце, а ваш участак складаны?

– Складаны, бо мы працуем на некалькі кабінетаў. Толькі што я абслугоўвала хворых у стацыянары, цяпер прыйшла ў паліклініку, дзе таксама чакаюць сваёй чаргі пацыенты. За дзень, часам, даводзіцца прымаць і па сорак чалавек. Наш невялікі, але згуртаваны калектыў прывык спраўляцца з любымі цяжкасцямі. На працу могуць выклікаць і сярод ночы, калі адбылася аварыя ці надзвычайнае здарэнне.

– Галіна Браніславаўна, што лічыце галоўным дасягненнем у жыцці?

– Маё галоўнае дасягненне – гэта дзве дачкі і чацвёра ўнукаў. Заўсёды радуюся іх поспехам. Ганаруся, што ў нашай сям’і зарадзілася дынастыя медыкаў. Услед за мной у прафесію прыйшла мая дачка Інэса Гусева, якая цяпер з’яўляецца намеснікам галоўнага доктара па медыцынскай часці Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Мая ўнучка Ангеліна – студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, адначасова яна працуе ў аддзяленні хуткай неадкладнай медыцынскай дапамогі Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы і марыць стаць доктарам-рэаніматолагам. Вельмі блізкую прафесію, фармацэўта, выбрала і мая другая дачка, Ала Ганчар, якая працуе ў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай аптэцы № 55.

– А ці ёсць у вас мара?

– Мая галоўная мара, каб дзеці, унукі, усе мае блізкія былі здаровымі, каб уважліва адносіліся да людзей, былі паспяховымі ў прафесіі і жыцці.

– Што пажадаеце калегам-медыкам у новым годзе?

– Таксама моцнага здароўя, цярпення, сілаў, плёну ў нашай нялёгкай рабоце і абавязкова – прафесійных дасягненняў.

 

Ірына КАЎКЕЛЬ



Теги: