Пятага лістапада прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
Яе старшыня Марына Бортка выступіла са справаздачай аб рабоце арганізацыі за пяцігадовы перыяд. Марына Леанідаўна адзначыла, што галоўная задача, якая стаіць перад прафсаюзамі ўсіх узроўняў – абарона працоўных і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў галіны. Яна нагадала аб важнасці калектыўнага дагавора, спынілася на пытаннях аховы працы, аздараўлення, зазначыла, што вялікая ўвага прафсаюзаў надаецца рабоце з моладдзю, культурна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай рабоце, не застаюцца без увагі ветэраны працы. Марына Леанідаўна падзякавала ўсім прысутным на канферэнцыі прадстаўнікам прафсаюзных арганізацый галіны, абласному камітэту прафсаюза за зладжаную работу, разуменне і падтрымку.
З дакладам аб рабоце рэвізійнай камісіі выступіла яе старшыня Ніна Жэгала, якая расказала аб выкарыстанні членскіх прафсаюзных узносаў і адзначыла, што большая частка іх расходуецца на матэрыяльную дапамогу членам прафсаюза.
Падзялілася вопытам работы пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі яе старшыня Ганна Вянско.
Падзякавала ўсім прафсаюзным калектывам, райкаму галіновага прафсаюза на чале з Марынай Бортка за плённую работу, ацаніла яе станоўча, пажадала далейшых поспехаў начальнік раённага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Калодка.
Таксама са словамі падзякі за сацыяльнае партнёрства, старанную работу і пажаданнямі поспехаў у далейшай дзейнасці звярнуліся да прысутных старшыня Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Іванова і яе намеснік Дзяніс Малевіч.
У рабоце прафсаюзнай канферэнцыі прыняў удзел і старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Андрэй Сатараў. Ён спыніўся на асноўных накірунках работы прафсаюзных арганізацый, падзякаваў старшыням прафкамаў, райкама работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму за тое, што яны праводзяць вялікую і такую неабходную работу, пажадаў добрых адносінаў у калектывах, паляпшэння фінансавага становішча.
У выніку справаздачна-выбарнай канферэнцыі работу Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму прызналі здавальняючай, старшынёй на наступны пяцігадовы тэрмін была зноў абрана Марына Бортка. А напрыканцы сходу адбылася прыемная частка – уручэнне Ганаровых грамат і падарункаў.
Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ