Сярод галоўных праблем – алкаголь

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Прайшло чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 і камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.

Разгледзелі пытанні аб прызнанні дзяцей з сем’яў, дзе выяўлены прыкметы недабрабыту, у сацыяльна небяспечным становішчы, прааналізавалі выкананне раней прынятых рашэнняў па прызнанні непаўналетніх у сацыяльна небяспечным становішчы. Са змяненнямі патрабаванняў заканадаўства пры працаўладкаванні абавязаных асобаў і праходжанні імі папярэдняга медыцынскага агляду ўдзельнікаў пасяджэння азнаёмілі намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Савань і доктар псіхіятр-нарколаг Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Барыс Отчык. Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан расказала аб выніках раённага маніторынгу сем’яў, дзе гадуюцца непаўналетнія дзеці, якія за перыяд дзеяння Дэкрэта № 18 былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, але вярнуліся да біялагічных бацькоў пасля ўхілення прычынаў адабрання.

Ёсць над чым задумацца

“Трывожным званочкам” аб узнікненні праблемнай сітуацыі ў сям’і, дзе гадуюцца чацвёра непаўналетніх, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, стала паведамленне ў каардынацыйны савет з установы адукацыі. Педагогі пачалі “біць трывогу”, бо выявілі, што дарослыя зноў ужываюць алкаголь. Варта зазначыць, што праблема гэта не новая: дзеці доўгі час знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, раней двойчы былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Пасля іх вяртання дарослым далі апошні шанц на нармальнае жыццё. Трэцяе адабранне ўжо скончыцца пазбаўленнем бацькоўскіх правоў. Муж і жонка гэта выдатна ведаюць, таму “па гарачых слядах” прайшлі кадзіроўку. На жаль, гэта яшчэ не значыць, што сітуацыя ў сям’і стабілізуецца. У бліжэйшы час пільная ўвага спецыялістаў службаў прафілактыкі будзе скіравана на паводзіны дарослых. Ім ёсць над чым задумацца, бо пры першым факце ўжывання алкаголю дзеці будуць экстрана адабраны, а дакументы на пазбаўленне бацькоўскіх правоў – накіраваны ў суд. Каб наладзіць узаемаадносіны, дарослым параілі абавязкова наведаць псіхолага і не ўхіляцца ад кансультацый у доктара-нарколага.

Распускае кулакі – будзе пакараны

Каардынацыйны савет па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 прызнаў нованароджанага хлопчыка ў сацыяльна небяспечным становішчы, такі ж статус маюць двое старэйшых дзяцей. У сям’і, дзе гадуюцца непаўналетнія, ёсць шэраг праблем. Па-першае, у кватэры, дзе жывуць дзеці, рамонту патрабуе печка. Па-другое, злоўжывае алкаголем і часта ўчыняе сямейныя скандалы бацька. Нядаўна мужчына чарговы раз пасварыўся з жонкай і ўдарыў яе. Да праваахоўнікаў жанчына не звярталася. На пасяджэнне каардынацыйнага савета яна прыйшла са слядамі пабояў. Члены савета не пакінулі гэта па-за ўвагай – інфармавалі аб інцыдэнце аддзел унутраных спраў райвыканкама. Мужчына мае непагашаную судзімасць і знаходзіцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама, таму за агрэсіўныя паводзіны ён можа вярнуцца ў месцы пазбаўлення волі.

Бацькоў папярэдзілі, што яны павінны больш увагі надаваць сваім дзецям, цікавіцца вучобай старэйшых, клапаціцца аб малодшым, не дапускаць фактараў рызыкі, інакш непаўналетніх прызнаюць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Ці патрэбны дзеці?

Двух непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы, экстрана забралі з сям’і і змясцілі ў цэнтральную раённую бальніцу. Маці з дзецьмі не паехала, бо была п’яная, але адмаўлялася ад медыцынскага асведчання. Затое жанчына актыўна супраціўлялася работнікам міліцыі, за што на яе склалі адміністрацыйны пратакол. Экстраныя службы былі выкліканы з-за сямейнага скандалу: гора-маці пабілася з сужыцелем, які не з’яўляецца біялагічным бацькам яе дзяцей, а пасля збегла з хаты і вярнулася толькі праз некаторы час.

На пасяджэнне каардынацыйнага савета і камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама жанчына не прыйшла, дзяцей у бальніцы не наведала, яе месцазнаходжанне на момант пасяджэння было невядома, тэлефон – недаступны. Ці патрэбны непаўналетнія маці, пакуль не зразумела. Пачаты збор дакументаў для прызнання іх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Працаваць давядзецца без прагулаў

Пакуль непаўналетні сын быў у санаторнай школе, яго маці звольнілі з работы за шматлікія прагулы. Прычынай рэгулярных няявак на працу стала сяброўства з “зялёным зміем”. Пацвярджэнне таму – тры адміністрацыйныя пратаколы “на рахунку” жанчыны за знаходжанне п’янай на рабочым месцы.

Сына не было, і гора-маці на працягу некалькіх тыдняў амаль не прыходзіла дахаты, бавіла час з сумніўнымі сябрамі. Нездаровы лад жыцця ў рэшце рэшт прывёў яе на бальнічны ложак, пазней жанчына ўсё ж такі прайшла кадзіроўку ад алкагольнай залежнасці. Тым не менш, рызыка збору п’яных кампаній па месцы жыхарства гора-маці застаецца, бо разам з ёю жыве брат, схільны да ўжывання алкаголю. Цяпер мужчына выехаў на заробкі, але ў любы момант можа вярнуцца.

Паколькі кадзіроўка жанчыны адбылася літаральна напярэдадні пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, на якое яна была выклікана, казаць пра выпраўленне сітуацыі ў сям’і пакуль рана. Члены камісіі прынялі рашэнне прызнаць хлопца маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Цяпер гора-маці давядзецца працаваць без прагулаў і даказаць сваімі паводзінамі, што сын ёй патрэбны. Варта таксама памятаць, што згодна з заканадаўствам, за дзесяць прагулаў на абавязаную асобу ўзбуджаецца крымінальная справа.

 

Сяргей СЁМУХА,
старшыня суда Дзятлаўскага раёна
Аляксандр ЮРКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні каардынацыйнага савета па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”