Канікулы – гэта маленькае жыццё

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Вось і скончылася першая вучэбная чвэрць з усімі яе радасцямі і цяжкасцямі.

Наперадзе – доўгачаканыя канікулы.

Восень – гэта найлепшая пара для зносін з прыродай, пастаянная змена ўражанняў, сустрэча з невядомымі куткамі прыроды. А школьны лагер – гэта час, калі дзеці маюць магчымасць зняць псіхалагічнае напружанне, уважліва паглядзець вакол сябе і ўбачыць дзіўнае побач, гэта пазнанне навакольнага асяроддзя.

1 лістапада ў Хвінявіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе для вучняў пачатковых класаў расчыніў свае дзверы аздараўленчы лагер «Асенняя карусель». 15 хлопчыкаў і дзяўчынак адправілася ў займальнае падарожжа са спадарыняй Восень. З гэтага дня школа ператварылася ў маленькую краіну са сваімі клопатамі, праблемамі і радасцямі. У аснове развіцця лагернай змены ляжыць ідэя сюжэтна-ролевай гульні, у якой кожны выхаванец становіцца жыхаром казачнай прасторы. Цэнтрам з’яўляецца «асенняя карусель». Падарожнічаючы ў казачнай прасторы, выхаванцы адкрываюць кожны дзень новы, нязведаны раней «восеньскі лісцік». Усяго лісцікаў 6 – па колькасці дзён прыбывання дзяцей у лагеры. Атрад, знаходзячыся на “асенняй каруселі”, выконвае розныя заданні спадарыні Восені. У канцы дня кожны выхаванец атрымлівае восеньскі ліст, звязаны з тэматыкай дня і размяшчае яго на дрэве, згодна свайму настрою.

У прышкольным лагеры створаны спрыяльныя ўмовы для ўмацавання здароўя і арганізацыі вольнага часу дзяцей у час восеньскіх канікул, развіцця творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу асобы, індывідуальных здольнасцяў і талентаў, творчай актыўнасці з улікам інтарэсаў, схільнасцяў і магчымасцяў кожнага выхаванца. Хвілінкі здароўя, займальныя мерапрыемствы, спартландыі, а таксама паўнавартаснае харчаванне дапамогуць дзецям захаваць здароўе, добра адпачыць і, самае галоўнае, запомніць яшчэ адну казачную змену.

Спадзяюся, што дні, праведзеныя ў восеньскім аздараўленчым лагеры «Асенняя карусель», надоўга запомняцца вучням і застануцца напоўненымі незабыўнымі ўражаннямі, карыснымі справамі і прыемнымі ўспамінамі.

Анастасія РАГОЙЖА,
старэйшы выхавацель лагера “Асенняя карусель” Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы