Вынікі – падведзены, задачы – акрэслены

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Старшынёй раённага камітэта Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі зноў выбраны Станіслаў Фабішэўскі.

Яго кандыдатуру падтрымалі ўдзельнікі ХХVII справаздачна-выбарнай канферэнцыі, якая прайшла 7 кастрычніка ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава. Высока была ацэнена шматгадовая выніковая праца Станіслава Баляслававіча на ніве прафсаюзнага жыцця, за што ў час канферэнцыі ён быў узнагароджаны нагрудным знакам “За адданасць галіноваму прафсаюзу”.

Удзел у сустрэчы прынялі старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Грышэчка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Андрэй Сатараў, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус, члены райкама прафсаюза, старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый, кіраўнікі ўстановаў адукацыі раёна, старшыня і намеснік старшыні раённага савета ветэранаў працы галіны.

З дакладам “Аб рабоце Дзятлаўскага раённага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі за перыяд з 8 кастрычніка 2014 па 7 кастрычніка 2019 года” выступіў старшыня раённай арганізацыі Станіслаў Фабішэўскі. Ён расказаў, што на Дзятлаўшчыне функцыянуюць 27 пярвічных арганізацый, у склад якіх уваходзяць 1469 чалавек. За аналізуемы перыяд праведзены 12 Пленумаў, 65 пасяджэнняў Прэзідыума.

Са студзеня па сакавік, згодна з графікам, былі праведзены справаздачна-выбарныя сходы ва ўсіх пярвічных прафсаюзных арганізацыях Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. У час іх вызначаны найбольш значныя пытанні, якія патрабуюць увагі прафсаюзных арганізацый, адзначаны прыярытэтныя накірункі дзейнасці на наступны перыяд. Сёлета заключана і новае галіновае Пагадненне на 2019-2022 гады паміж аддзелам адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама і раённай арганізацыяй галіновага прафсаюза. Адно з асноўных яго палажэнняў – павышэнне статусу педагагічных работнікаў, у тым ліку праз павышэнне заработнай платы. У цэнтры пастаяннай увагі прафсаюза знаходзяцца пытанні сацыяльных гарантый работнікам, прававой адукаванасці, аховы працы, заключэння доўгатэрміновых кантрактаў, грамадскага кантролю за выкананнем працоўнага заканадаўства. Шмат увагі надаецца рабоце з ветэранамі педагагічнай працы і маладымі спецыялістамі.

Яшчэ адзін накірунак работы – грамадскае жыццё і ўдзел у прафсаюзных конкурсах і спаборніцтвах. Педагогі раёна – актыўныя ўдзельнікі галіновых і міжгаліновых спартакіяд, у тым ліку абласной галіновай спартакіяды і турзлёту. Папулярны сярод работнікаў галіны экскурсіі і вандроўкі.

Рахункуючы сваё выступленне, Станіслаў Фабішэўскі падкрэсліў, што работа раённага прафсаюза па агучаных накірунках будзе прадоўжана, і падзякаваў сацыяльным партнёрам за падтрымку і плённае супрацоўніцтва.

Паўдзельнічалі ў абмеркаванні дакладаў, расказалі пра жыццё сваіх прафсаюзных арганізацый, падзяліліся станоўчым вопытам старшыня пярвічкі Новаяльнянскага ясляў-сада Вольга Рудоль, дырэктар Новаяльнянскай сярэдняй школы Марына Лашкоўская, старшыня пярвічкі ДЦРД № 2 горада Дзятлава Ілона Сіняк, старшыня пярвічкі Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ганна Шундрык.

Выбары прайшлі адкрытым галасаваннем.

Аб важных накірунках у рабоце прафсаюзных арганізацый Дзятлаўшчыны расказаў Андрэй Сатараў.

Вынікі канферэнцыі падвяла Вера Грышэчка. Яна заклікала педагагічныя калектывы быць больш уважлівымі да маладых спецыялістаў, аказваць ім неабходную падтрымку, настаўнікам са стажам параіла павышаць свой “катэгарыйны” ўзровень.

Ірына СТЫРНІК