Вопыт не губляецца, сэрца не старэе

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

1 кастрычніка сваё свята адзначылі мудрыя людзі. У гэты дзень на Дзятлаўшчыне ладзіліся святочныя сустрэчы і ўшанаванні ветэранаў працы раёна.

Шчодрая восень падарыла пагодны дзянёк, таму ў арганізатараў і гасцей урачыстасцяў была выдатная магчымасць для вандровак і сустрэч на свежым паветры.

Напрыклад, цікавая экскурсія і канцэрт чакалі былых кіраўнікоў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу раёна, якія цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Чацвёрты год запар святочнае ўшанаванне для іх ладзяць раённы выканаўчы камітэт і райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Месца збору, як і летась, прызначылі каля раённага выканаўчага камітэта, дзе заслужаных работнікаў чакаў старшыня райкама галіновай прафсаюзнай арганізацыі Уладзімір Казак. Пасля прывітання і сяброўскіх размоваў мудрых людзей паклікалі ў аўтобус і абвясцілі маршрут. Пляцоўкай для сёлетняй сустрэчы стала КСУП “Хвінявічы”, аб’ектамі наведвання – фермы сельгаспрадпрыемства па развядзенні трусаў і авечак у Рудзе Яварскай, адноўленая баня ў аграгарадку Хвінявічы і вытворчы ўчастак “Парэцкі спіртзавод” адкрытага акцыянернага таварыства “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”.

Канцэртную праграму і музычныя віншаванні для ўдзельнікаў свята падрыхтавалі артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці сумесна з артыстамі Дварэцкага дома культуры.

 

Ірына СТЫРНІК