Разам папярэдзілі трагедыю

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Звычайная вячэрняя прагулка ледзь не скончылася трагедыяй для адпачывальніцы санаторыя “Радон” Антаніны.

Пажылая грамадзянка Германіі, якая разам з сынам прыехала на Дзятлаўшчыну паправіць здароўе, заблукала ў лесе і правяла ноч пад дажджом. Толькі зладжаныя дзеянні службаў і неабыякавасць людзей дапамаглі пазбегнуць трагедыі.

Трывожнае паведамленне “прапаў чалавек” паступіла ў аддзел унутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама 2 кастрычніка ў 18 гадзін 30 хвілін. Праваахоўнікі зрэагавалі на яго аператыўна: да пошукаў падключылі асабовы састаў аддзела, выклікалі кінолага з сабакам. Лес прачэсвалі да двух гадзін ночы, але безвынікова. Раніцай 3 кастрычніка да пошукаў далучыліся ратаўнікі, работнікі санаторыя “Радон”, добраахвотнікі.

Каля 11 гадзін 20 хвілін аднаму з супрацоўнікаў міліцыі патэлефанаваў грыбнік. Ён паведаміў, што сустрэў у лесе падобную па прыкметах жанчыну, расказаў, дзе яны знаходзяцца. На месца выехала група. Адпачывальніцу даставілі ў санаторый і перадалі ў клапатлівыя рукі медыцынскага персаналу.

Праз некалькі гадзін з Антанінай ужо можна было сустрэцца і пагутарыць. Яна выглядала бадзёрай, не губляла прысутнасці духа. Жанчына расказала сваю гісторыю і шчыра падзякавала ўсім, хто прымаў удзел у пошуках.

– Мы адпачываем у санаторыі “Радон” ужо трэці раз. Падабаеца атмасфера гэтага месца і добрыя адносіны людзей. Непрыемнасць здарылася са мной упершыню. Учора каля пяці гадзін вечара я выйшла прагуляцца, далёка не адыходзіла. Вырашыла вяртацца назад, калі пачаў накрапваць дождж. Ішла ўслед за незнаёмай парай, якая таксама прагульвалася паблізу санаторыя. Не ведаю, як згубіла гэтых людзей з поля зроку, а затым страціла арыенцір. Разгубілася, не ведала, куды дакладна ісці, хаця на шляху сустракаліся таблічкі і было адчуванне, што санаторый зусім блізка. Дарогу запытала ў незнаёмага мужчыны, мяркую, гэта быў грыбнік. Ён падрабязна патлумачыў патрэбны маршрут. Пайшла, але пачало цямнець, не было ўпэўненасці, што рухаюся ў патрэбным кірунку. Ноч вырашыла пераседзець пад дрэвам. Пастаянна малілася, каб мяне адшукалі. Раніцай убачыла агні, падумала, што гэта свецяць вокны санаторыя, пайшла ў той бок, але пабаялася заблукаць і вярнулася на маршрут, які падказаў учарашні незнаёмец. Праз некаторы час пашчасціла сустрэць яшчэ аднаго грыбніка, які паклапаціўся, каб прыйшла дапамога.

На жаль, я была так усхвалявана, што не запытала прозвішчаў гэтых людзей. Спадзяюся, яны ўбачаць артыкул у газеце і даведаюцца, наколькі я ім удзячна. Шчыра падзякаваць хачу ўсім, хто прымаў удзел у пошуках: праваахоўнікам, ратаўнікам, адміністрацыі і персаналу санаторыя “Радон”, добраахвотнікам. На Дзятлаўшчыне жывуць неабыякавыя людзі, якім я вельмі ўдзячна за выратаванне.

Ірына СТЫРНІК