Абарона правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Аддзел адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, камісія па справах непаўналетніх райвыканкама, сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава, спецыялісты зацікаўленых службаў нашага раёна прадставілі вопыт сваёй работы па рэалізацыі новых падыходаў да дзейнасці па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх.

Ім яны падзяліліся з калегамі з іншых рэгіёнаў на абласным семінары, які праходзіў 31 кастрычніка ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

Удзел у мерапрыемстве прынялі спецыялісты аддзелаў адукацыі, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, прадстаўнікі адміністрацый раёнаў горада Гродна, якія курыруюць пытанні аховы правоў дзяцінства, дырэктары раённых сацыяльна-педагагічных цэнтраў Гродзенскай вобласці.

Каб прэзентацыя вопыту работы спецыялістаў нашага раёна была больш нагляднай, у фае Цэнтра культуры гасцей пазнаёмілі з выставай “Арганізацыя занятасці непаўналетніх ва ўстановах адукацыі, культуры, спорту і турызму”.

Важныя праблемы, на якія варта скіроўваць увагу ў час работы з непаўналетнімі і сем’ямі, якія гадуюць дзяцей, акрэсліла галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Ненартовіч.

 

З дзейнасцю Дзятлаўскага райвыканкама па сацыяльнай падтрымцы сем’яў, якія гадуюць дзяцей, удзельнікаў семінара пазнаёмілі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус.

Як забяспечваецца міжведамаснае ўзаемадзеянне па пытаннях абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх у сучасных умовах, расказала Святлана Залучан, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Алена Чайкоўская патлумачыла, як наладжана арганізацыйна-кіраўнічая дзейнасць аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама па рэалізацыі новых падыходаў па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх.

Затым удзельнікам семінара прадставілі відэастужку аб дзейнасці і  рэсурсным забеспячэнні сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава, а намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце гэтай установы Кацярына Ляўкевіч расказала аб суправаджэнні спецыялістамі цэнтра дзейнасці ўстановаў адукацыі па аказанні сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім.

Не застаюцца без падтрымкі ў раёне і сем’і, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і сацыяльна небяспечным становішчы. Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык патлумачыла, якія прафілактычныя мерапрыемствы з імі праводзяцца, на якія сацыяльныя паслугі яны могуць разлічваць.

Наступнай пляцоўкай семінара стала Новаяльнянская сярэдняя школа. Наколькі навучэнцаў можа захапіць краязнаўства і пошукавая работа, якія значныя праекты яны могуць рэалізаваць разам з педагогамі, удзельнікі семінара даведаліся ў час наведвання школьнага музея “Дзеці ліхалецця”.

Дырэктар Новаяльнянскай сярэдняй школы Марына Лашкоўская расказала аб арганізацыі работы ўстановы адукацыі па абароне правоў дзяцей, якія аказаліся ў неспрыяльнай абстаноўцы.

Ролю сельскага выканаўчага камітэта ў рабоце па аказанні дапамогі сем’ям, якія знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы, патлумачыла старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Ірына Кунахавец.

Галіна Сушко, загадчыца Новаяльнянскага дома культуры, падзялілася вопытам выкарыстання варыятыўных формаў уключэння непаўналетніх у карысную дзейнасць у вольны час ва ўстановах культуры.

Аб арганізацыі ў гаспадарцы прафілактычнай работы з бацькамі, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, расказала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Граніт-Агра” Кацярына Дубешка.

Настаўніца нядзельнай школы гарадскога пасёлка Наваельня, яна ж кіраўнік школьнага музея “Дзеці ліхалецця” Тамара Крывеня азнаёміла ўдзельнікаў семінара з вопытам узаемадзеяння рэлігійнай арганізацыі і ўстановы адукацыі па выхаванні духоўных асноваў сям’і і аказанні дапамогі непаўналетнім.

Абмеркаваць актуальныя пытанні рэалізацыі новых падыходаў да дзейнасці па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх у фармаце круглага стала спецыялістаў запрасілі галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Ненартовіч і дырэктар Гродзенскага абласнога сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ірына Кажура. У час абмеркавання яны адказалі на праблемныя пытанні, якія задалі спецыялісты.

Ірына СТЫРНІК