За бяспеку разам

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

4 верасня ў рамках тыдня бяспекі сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці сумесна з супрацоўнікамі РАНС арганізавалі сустрэчу з навучэнцамі Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы і правялі для падлеткаў тэматычную праграму “Зберажы сябе для жыцця”.

У ходзе мерапрыемства інспектар Дзятлаўскага РАНС Марта Мілаш расказала дзецям пра паводзіны ў небяспечных сітуацыях, нагадала нумары тэлефонаў службаў бяспекі, прапанавала дзятве наглядны навучальна-тэматычны і гульнявы матэрыял.

Следам за размовай падлеткаў чакала тэматычна-гульнявая праграма, якую падрыхтавалі работнікі культуры. Для навучэнцаў малодшых класаў ладзіўся конкурс малюнка на асфальце пад назвай  “Што пра бяспеку даведаліся – усё ў малюнках распавялі”. Пераможцамі гэтага конкурсу сталі адразу тры юныя мастакі: навучэнцы 4 класа Павел Раеўскі, Аляксандра Клюкач і Дзмітрый Сокал. Дзеці атрымалі падарункі ад ратаўнікоў.

У рамках мерапрыемства супрацоўнікі РАНС прадэманстравалі магчымасці пажарнай тэхнікі, расказалі пра яе саблівасці і   абсталяванне. Кожны жадаючы мог памераць   спецвопратку ратаўніка.

Водная феерыя стала кульмінацыяй тэматычнай сустрэчы.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ