Тэрыторыя дзявочага футбола

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

21 верасня на гарадскім стадыёне “Старт” ў горадзе Лідзе прайшлі першыя два туры спаборніцтваў першынства Рэспублікі Беларусь па футболе сярод дзяўчат у рамках рэспубліканскага  праекта “Футбольная ліга дзяўчат ва ўзроставай катэгорыі да 13 гадоў”.

Упершыню на тэрыторыі Беларусі дзявочая футбольная прэм’ер-ліга U-13 стартавала на пачатку красавіка бягучага года. Праект рэалізуецца пад эгідай Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” пры тэхнічнай і фінансавай падтрымцы міжнароднай федэрацыі футбола FІFА.

У ходзе спаборніцтваў арганізатары прапануюць дзявочым камандам праверыць свае магчымасці ў афіцыйных міжрэгіянальных матчах са сваімі аднагодкамі.

Каманды-ўдзельніцы  падзелены на зоны па тэрытарыяльным прынцыпе: у кожнай групе  задзейнічана аднолькавая колькасць футбольных каманд, і ўсе яны знаходзяцца  на зручнай адлегласці адзін ад аднаго. Сістэма правядзення гульняў  паміж камандамі ажыццяўляецца па двухкругавой сістэме.

Футбольныя сустрэчы восеньскага сезона пройдуць з верасня па лістапад. Каманды-ўдзельніцы прымуць удзел у 14 турах футбольнай  прэм’ер-лігі. Чатыры з іх пройдуць на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна.

Усяго ў восеньскім сезоне першынства па футболе сярод дзяўчат прымаюць удзел  восем зборных каманд з розных рэгіёнаў Гродзеншчыны.

На тэрыторыі Лідскага раёна зборная каманда дзятлаўчанак сыграла два матчы. Першай прайшла гульня з камандай футбалістак з Бярозаўкі. Лік 2 : 2 стаў выніковым. З гродзенскай камандай “Неман” нашы дзяўчаты  таксама згулялі  ўнічыю. Фінал гульні вырашыўся лікам 1 : 1.

Па правілах спаборніцтваў каманды-пераможцы рэгіянальных зон чарговы раз выйдуць на рэспубліканскі этап, дзе ў сыграных па алімпійскай сістэме матчах вызначыцца лепшая каманда краіны.

Правядзенне фінальнага этапу спаборніцтваў чакаецца ў лістападзе, у Мінску.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Фота Уладзіміра ГАНЧАРА