Прыём грамадзян правёў Віктар Лісковіч

Галоўнае Свежыя навіны Улада

Намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Лісковіч правёў прыём грамадзян у Дзятлаве.

На яго запісаліся чатыры чалавекі.

Жыхары раёна прыйшлі да Віктара Андрэевіча з пытаннямі, якія тычыліся правілаў пахавання памерлых на могілках горада Дзятлава, медыцынскага абслугоўвання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, размеркавання працоўнай нагрузкі, сацыяльнай падтрымкі насельніцтва.

Кожнага заяўніка Віктар Лісковіч уважліва выслухаў, пастараўся ўнікнуць у сутнасць выказаных праблем. Каб разабрацца ў сітуацыях дэталёва, намеснік старшыні аблвыканкама паралельна вёў размову са спецыялістамі адказных службаў, якія таксама былі запрошаны ў кабінет. Адпаведным структурам даваліся пэўныя даручэнні.

Першай на прыём прыйшла жыхарка райцэнтра. Жанчыну-пенсіянерку хвалявала невыкананне правілаў пахавання памерлых на могілках горада Дзятлава. Заяўніца неаднаразова звярталася са сваім пытаннем у розныя інстанцыі. Узнікла яе праблема з-за бетоннай канструкцыі, падобнай на сцяну, якую ўзвялі “суседзі” па ўчастку, дзе пахаваны муж грамадзянкі. Адпаведна заканадаўству аб правілах пахавання, парушэнні маюцца і ў яе, і ў суседзяў па могілках, таму спрэчка не вырашана, бакі не прыйшлі да згоды. Выслухаўшы дзятлаўчанку, Віктар Андрэевіч зазначыў, што могілкі – месца святое, яно не церпіць мітусні, таму паабяцаў заручыцца падтрымкай у пошуку рашэння інспектара па Гродзенскай вобласці Івана Лаўрыновіча і старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоля Дарожкі.

Гэту ж заяўніцу хвалявала праблема медыцынскага абслугоўвання ў раёне. Жанчына лечыцца ад цяжкага захворвання, якое было выяўлена пасля праходжання ёю дыягностыкі на платнай аснове. Віктар Андрэевіч паабяцаў дапамогу і ў гэтым пытанні.

Яшчэ адну жыхарку райцэнтра – пенсіянерку-інваліда, якая жыве адна ў прыватным сектары, хвалявала праблема падключэння вады. Праходзіць капітальны рамонт вуліцы, мяняюцца старыя камунікацыі, таму жанчыне прапанавалі зрабіць новую ўрэзку. Пазней з гэтай урэзкай узнікла праблема, якая ўжо вырашана, запазычанасцяў за пракладку водаправода няма.

Хвалявала заяўніцу і пытанне скошвання травы летам у прыватным сектары. Гэта паслуга платная, абкошвацца неабходна 3-4 разы ў сезон. Для пенсіянера “набягае” пэўная сума.

Віктар Лісковіч згодны, што падобныя сітуацыі пры навядзенні парадку на зямлі не адзінкавыя ў вобласці, значыць, прыспеў час задумацца над іх вырашэннем. У гэтым кірунку актыўнасць варта праявіць сацыяльным службам.

Зноў пра медыцынскае абслугоўванне вяла гаворку трэцяя заяўніца. У яе баліць сустаў, канчатковае рашэнне аб далейшым лячэнні пакуль не прынята. Віктар Лісковіч паабяцаў дапамогу і садзейнічанне мясцовых службаў.

Напрыканцы сваё пытанне задала настаўніца, якая перайшла на новае месца работы ў іншую школу, але на пачатку навучальнага года засталася мала запатрабаванай. Жанчыне паабяцалі пераразмеркаваць працоўную нагрузку і выдзеліць больш гадзін.

Падводзячы вынікі прыёму, намеснік старшыні аблвыканкама  зазначыў, што на Дзятлаўшчыне ёсць пытанні, на якія варта скіраваць пільную ўвагу. Напрыклад, пазбегнуць праблем на могілках у наш час дапамагае электронны ўлік выдзеленых пад пахаванне ўчасткаў. Увогуле ж, спецыялістам розных сфераў варта ўмець выслухоўваць людзей, засяроджваць увагу не на эмоцыях, а на канкрэтных фактах, бо менавіта яны падказваюць далейшае вырашэнне пытання.

Пасля пасяджэння Віктар Лісковіч выехаў на дзятлаўскія могілкі і наведаў цэнтральную раённую бальніцу, каб больш дэталёва разабрацца ў агучаных сітуацыях на месцы.

Ірына СТЫРНІК