Круцяць педалі ў трэнажорнай зале

Грамадства Свежыя навіны

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна клапоцяцца пра здароўе сваіх наведвальнікаў, па магчымасці, ствараюць умовы для яго падтрымання і ўмацавання.

Так, зусім нядаўна тут пачаў працаваць кабінет для заняткаў на трэнажорах. Падрабязней пра яго расказала загадчыца аддзялення для грамадзян пажылога ўзросту Галіна Касцюк:

– Трэнажоры ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з’явіліся некалькі гадоў таму. Яны стаялі ў актавай зале, што было вельмі нязручна, карысталіся імі рэдка. У мінулым годзе мы актыўна наведвалі трэнажорную залу ў аддзеле адукацыі, але наш дырэктар Таццяна Нікіпорчык, каб многім было зручней займацца на месцы, знайшла кабінет, і ўсе трэнажоры паставілі там. Мы склалі графік заняткаў, бо ў нашу так званую міні-спартыўную залу ходзяць не толькі пажылыя людзі – удзельнікі клуба “Нам гады – не бяда”, але і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык”. Мы часта праводзім для іх і сумесныя мерапрыемствы, спаборніцтвы па тэнісе, шашках.

Да фізічных нагрузак мы адносімся сур’ёзна, распрацавалі памятку па самакантролі пры занятках фізічнымі практыкаваннямі, заўсёды робім размінку. Адна з нашых наведвальніц нядаўна была ў санаторыі, прыехала і паказвала практыкаванні, якія неабходна рабіць для размінкі. Усім вельмі спадабалася, старанна выконвалі.

Мы распрацавалі фізічныя практыкаванні пры болях у паясніцы, для мышцаў спіны. І ўвогуле, заўжды гаворым, каб кожны глядзеў на свой стан здароўя. Перш чым займацца на трэнажорах, абавязкова павінны былі прайсці медагляд, прынесці даведку аб стане здароўя, ці можна ім наведваць трэнажорную залу. У некаторых былі абмежаванні, але мы не бралі вялікія снарады, а выбіралі, што лягчэй: хто ў тэніс гуляе, шахматы, ёсць дартс, некаторыя займаюцца скандынаўскай хадзьбой.

Хоць памяшканне гэта і невялікае, але прыстасаваліся, і ўсе, хто сюды прыходзіць, займаюцца з задавальненнем.

Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Алена Калюцік дадала, што і маладыя інваліды таксама ахвотна займаюцца ў трэнажорнай зале, выконваюць розныя практыкаванні па сваіх сілах і магчымасцях. Вельмі любяць і яшчэ адзін від спорту – тэніс, у які гуляюць у актавай зале, дзе стаіць тэнісны стол. Рэгулярна ўдзельнічаюць у спартакіядах, абласных спаборніцтвах па тэнісе. Нядаўна шэсць чалавек ездзілі ў Гродна, занялі другое месца па настольным тэнісе.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ