Каб пакарыць спартыўны алімп

Свежыя навіны Спорт і турызм

Штогод на пачатку новага навучальнага года Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа ў рамках акцыі “Запішыся ў спартыўную школу” ажыццяўляе набор і падрыхтоўку юных спартсменаў на аддзяленні па відах спорту.

Пазнаёміцца са спартыўнымі дысцыплінамі і выбраць цікавую для сябе на працягу ўсяго першага месяца новага навучальнага года будучым выхаванцам і іх бацькам прапануюць трэнеры-выкладчыкі раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Пра тое, як праходзіць адбор дзяцей, расказала дырэктар Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Святлана Лагута:

– Для таго, каб запісаць дзіця ў спартыўную школу, можна знайсці мноства прычын. Тут і клопат пра здароўе дзіцяці, і жаданне развіць у падлеткаў валявыя якасці, навыкі самаарганізацыі.

Спорт закліканы дапамагчы дзецям рэалізаваць свае нават самыя смелыя мары. Адбор дзяцей у спартыўную школу традыцыйна ажыццяўляецца з 1 верасня па 1 кастрычніка. У гэты перыяд трэнеры-выкладчыкі спартыўнай школы праводзяць тэматычныя заняткі па відах спорту, што дапамагае дзецям вызначыцца ў іх жаданнях і перавагах. У бацькоў таксама з’яўляецца магчымасць на працягу месяца пазнаёміцца з вучэбнай інфармацыяй, дысцыплінамі, трэнерскай камандай і дапамагчы дзецям зрабіць усвядомлены выбар.

Пра адно з самых папулярных адзяленняў – “Футбол” – расказаў старшы трэнер-выкладчык дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Уладзімір Ганчар:

– Галоўнае патрабаванне пры адборы дзяцей, як і ў любым іншым відзе спорту, – каб не было супрацьпаказанняў да заняткаў спортам, а гэта асноўная група здароўя. На аддзяленне “Футбол” могуць запісацца дзеці ва ўзросце ад 8 да 17 гадоў.

Пачатковае звяно (першы год навучання) займаецца тры разы на тыдзень па паўтары гадзіны, наступнае за ім – таксама тройчы на тыдзень, але па дзве гадзіны, выхаванцы з двух да трох гадоў навучання займаюцца чатыры разы на тыдзень, звыш трох гадоў –пяць разоў на тыдзень па дзве гадзіны. Заняткі па ўсіх дысцыплінах у нашай школе праводзяцца на бясплатнай аснове.

Сёлета на базе Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы будуць працаваць тры трэнеры: на базе Хвінявіцкай  сярэдняй школы трэнер-выкладчык Валянцін Грынцэвіч, у Новаяльнянскай сярэдняй  школе заняткі праводзіць Уладзімір Каўцэвіч, на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава – старшы трэнер-выкладчык Уладзімір Ганчар.

Для правядзення вучэбна-трэніровачных заняткаў выкарыстоўваецца ўласная трэніровачная база, а таксама спартыўныя залы агульнаадукацыйных школ раёна. Зімой выхаванцы спартыўнай  школы могуць наведваць басейн.

Сярод адметных мінулагодніх перамог – першае месца ў Першынстве Гродзенскай вобласці па міні-футболе сярод хлопчыкаў 2005 года нараджэння і бронзавая перамога ў аднайменных спаборніцтвах сярод хлопчыкаў 2007 года нараджэння.

Нашы дзяўчынакі летась прынялі ўдзел у Рэспубліканскім першынстве сярод дзявочых футбольных каманд, а ў таксама школьнай рэспубліканскай лізе па міні-футболе.

Запомніўся дзятлаўчанам яркі спартыўны праект пад назвай “Тата, мама, я –футбольная сям’я”, які прайшоў у нашым горадзе.

Сярод індывідуальных перамог можна адзначыць вядучых спартсменаў аддзялення па футболе, якія сёлета працягнуць вучобу ў СДЮШАР горада Гродна. Гэта былыя выхаванцы Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Дзмітрый Дзірвук і Павел Герус. Сёлета плануем не спыняцца на дасягнутым.

Акрамя аддзялення “Футбол”, Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа ажыццяўляе набор на адддзяленні “Лёгкая атлетыка”, “Цяжкая атлетыка”, “Грэка-рымская барацьба”.

Запісацца ў спартыўную школу можна па заяве бацькоў або законных прадстаўнікоў дзіцяці па адрасе:

г. Дзятлава, вул. Чапаева, 18/1, або па тэлефоне 8-01563-2-71-48

Адрас сайта: dyshdyatlovo.schools.by

Адрас электроннай пошты: dtdush@mail.grodno.by

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ