Дятлаўская крыніца ведаў

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Дзятлаўскай раённай бібліятэцы ўжо больш за семдзесят гадоў.

Гэта не проста месца, дзе захоўваецца шмат кніг. Гэта – цэлы свет, дзе любы жыхар горада можа знайсці цікавую і карысную літаратуру, наведаць творчыя мерапрыемствы, прыняць у іх удзел.

Пастаянныя чытачы бібліятэкі падзяліліся, якой літаратуры яны аддаюць перавагу, што для іх значыць раённая бібліятэка.

Вольга Балабанская, пенсіянерка:

–  З дзяцінства, як толькі навучылася чытаць, адразу ж палюбіла гэты занятак. Калі пачала працаваць у Дзятлаве, першае месца, куды прыйшла, была бібліятэка. Часта яе наведваю. Можна сказаць, што я тут пастаянны кліент. Як толькі прачытваю кнігу, адразу – у бібліятэку па новую.

Мне падабаецца чытаць дэтэктывы і любоўныя раманы. Чытаю ў асноўным сучасную літаратуру: творчасць Лявонава, Марынінай, Раманава, Тройнінай і многіх іншых аўтараў, класіку амаль усю прачытала. Бібліятэка мне падабаецца, але хочацца, каб паступала пабольш новых кніг.

Ірына Шавель, выхавальнік:

– Я наведваю бібліятэку з дзіцём. Стараемся часцей сюды хадзіць. У асноўным бяру літаратуру для дачкі, арыентуюся на яе ўзрост: казкі, пазнавальныя кнігі. Дачка ў мяне дапытлівая, цікавіцца старажытнасцю, таму часам бяром кнігі, прызначаныя для старэйшага ўзросту.

Фонд бібліятэкі разнастайны, можна выбраць кнігі на любы густ. Сама я цікаўлюся метадычнымі кнігамі, для гэтага больш выкарыстоўваю Інтэрнэт, але часам таксама звяртаюся сюды па неабходную інфармацыю.

Марыя Мацюк, пенсіянерка:

– Мне падабаецца прыходзіць у бібліятэку. Бывае, я наведваю тут чытальную залу. Наогул, імкнуся чытаць шмат. Выпрацавала звычку заўсёды перад сном вылучаць час для чытання. Пераважна чытаю кнігі на рэлігійную тэматыку. Мне падабаецца такая літаратура, таму што яна адпавядае стану маёй душы.

Мікіта Кашко, школьнік:

– Люблю чытаць, таму прыходжу ў бібліятэку не толькі па праграмныя кнігі, але і бяру што-небудзь для сябе. Захапляюся навуковай літаратурай, але і мастацкую таксама бяру. У бібліятэцы падабаецца ўсё, тут дастаткова кніг, і я магу знайсці тыя, што мяне цікавяць.

Святлана АБРАМЧУК