Сакрэты даўгалецця Ганны Клімовіч

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, прымеркаванага да 75-годдзя Гродзенскай вобласці і Года малой радзімы, сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва  Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці праводзіць культурна-пазнавальную экспедыцыю “Па сакрэты даўгалецця”.

У нашым раёне ёсць шмат доўгажыхароў, актыўных і бадзёрых, якія з радасцю могуць падзяліцца з маладым пакаленнем сакрэтамі свайго даўгалецця. Завітаем да некаторых з іх.

Ужо 91 год жыве ў вёсцы Явар Ганна Іванаўна Клімовіч. Вось што яна расказала пра сваё жыццё:

– Я і мае дзве малодшыя сястры раслі без маці, гадавала нас бабуля. Калі бацька пайшоў на вайну, старшыня нашага сельсавета заявіў, што трэба дзяцей забраць, бо баба старая і не можа адна гадаваць трое малых дзяцей. Двойчы прыязджалі з дзіцячага дома нас забіраць, а бабуля Феня не аддала. Яна была вельмі харошая, і па сёння я ўспамінаю яе толькі добрым словам. Бабуля была вельмі набожная, вадзіла і нас, дзяцей, у царкву. Гэтая вера ў Бога і яго дапамогу падтрымлівае мяне ўсё жыццё, у якім хапала і выпрабаванняў, і радасцяў.

Скончыла я толькі шэсць класаў польскай школы, якая была ў нашай вёсцы. Харошая школа была, помню, дырэктар уключыць радыё, а мы на перапынку стаім, слухаем, ніхто не бегае, не свавольнічае. Гэта для нас цуд быў, бо ў дамах раней не было ні радыё, ні тэлевізараў. На жаль, у вайну партызаны школу спалілі, бо думалі, што там будзе нямецкі штаб. А школу мне прыйшлося кінуць, калі бабуля зламала руку, бо клопаты па гаспадарцы ляглі на мае плечы. Сярэдняя сястра хадзіла ў школу, а трэцяя была зусім малая. Нялёгка было ў той час, шмат я працавала, усё ўмела рабіць. Каровы, напрыклад, пасвіла з сярпом. Пакуль яны ляжалі і адпачывалі, я жала. Навучыла мяне бабуля і цэпам малаціць, ой, колькі на гэта сілаў патрэбна было. Але вось такая працавітасць з ранніх гадоў, мабыць, загартоўвала, і сілы браліся аднекуль. У дзяцінстве я ні разу ў доктара не была, калі крыху і захварэю, бабуля лячыла адварамі лекавых траваў, ногі грэла.

Выйшла я замуж за хлопца са сваёй вёскі. Ён служыў у Марфлоце чатыры гады, але яго камісавалі, бо былі хворыя ногі. Працаваў у райвыканкаме, на цагляным заводзе, у лясніцтве. Пражылі мы з ім 28 гадоў. Спачатку жылі ў старой хаце, дзе была земляная падлога, трымалі вялікую гаспадарку. Шмат працавалі і змаглі-такі пабудаваць добрую хату, вельмі радыя былі. А цяпер вось у гэтай хаце сын мой зрабіў такі харошы рамонт: памяняў вокны, звонку аблажыў, новыя гаспадарчыя пабудовы паставіў, двор добраўпарадкаваў. Дачка і нявестка кветак насадзілі, дапамагаюць мне. Прыгажосць цяпер – толькі жыві ды радуйся, абы было здароўе.

Нарадзілася ў нас трое дзяцей. Сын жыве ў Мінску, дачка – у Наваельні. Я маю чацвёра ўнукаў, дзесяць праўнукаў. На жаль, старэйшага сына ўжо няма ў жывых. Дачка мая, калі вучылася ў інстытуце, трапіла ў страшную аварыю, я за адну ноч стала сівая. Гэта яшчэ адзін мой боль на ўсё жыццё. Вельмі доўгае і цяжкае было яе лячэнне, але мы справіліся, выжыла дачушка. Праз год яна ўсё ж скончыла інстытут, добра вучылася, падзякі нам слалі з інстытута. Трыццаць гадоў пасля адпрацавала настаўніцай у школе.

У мяне і самой хваробаў хапала: два інфаркты былі, дзве аперацыі перанесла. Але нічога, жыву, вось ужо дзевяць дзясяткаў размяняла. Цяпер чытаць люблю – і кнігі, і газеты, тэлевізар гляджу. Да гэтага года яшчэ агарод садзіла, але цяпер сілы ўжо не тыя.

Дык якія ж сакрэты даўгалецця ў Ганны Іванаўны? Доўгажыхарка раіць быць актыўным – больш рухацца і бываць на свежым паветры, піць карысныя травяныя чаі, есці больш садавіны і агародніны, стойка пераносіць усе выпрабаванні, не зайздросціць, быць добрым і ветлівым.

Святлана ГРЫШЫНА
Вольга ЮШКЕВІЧ



Теги: