З надзеяй на добры ўраджай

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Надвор’е палепшылася, і сваю працоўную вахту на палетках КСУП “Белагурна” прадоўжыў студэнцкі сельскагаспадарчы атрад “Сяброўства”, у якім заняты дзесяць навучэнцаў. Працаваць тут студатрадаўцы пачалі з 18 чэрвеня, але з-за непагадзі выходзіць кожны дзень у поле не атрымлівалася, працадні былі перанесены на больш позні тэрмін.

Дапамога маладых работнікаў, як зазначае дырэктар КСУП “Белагурна” Антон Маркевіч, гаспадарцы дарэчы. Студатрадаўцы працуюць ва ўрочышчы “Маяк”, дзе пасеяна 160 гектараў азімай пшаніцы, 30 з іх – элітнае зерне. Працоўнаму атраду пастаўлена задача правесці відавую праполку “эліты”. Студатрадаўцы справіліся з большай часткай задання і плануюць завяршыць праполку да канца працоўнай змены. Антон Міхайлавіч зазначае, што сёлета КСУП “Белагурна” спадзяецца атрымаць добры ўраджай зерневых. Каб жніво прайшло плённа, на дапамогу іх сельгаспрадпрыемству накіраваны механізатары з іншых арганізацый раёна. Сяргей Навумаў з ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” дапаможа на прасаванні саломы. У час уборачнай кампаніі будзе працаваць на палетках гаспадаркі і мінулагодні прызёр раённых моладзевых спаборніцтваў на жніве Аляксандр Чувак з ААТ “Новаяльнянскі КХП”. Цяпер у КСУП “Белагурна” завяршаюць уборку рапсу і пачынаюць жаць збожжавыя. Надвор’е сёлета было спрыяльным для белагурнаўскіх аграрыяў, але і самі яны часу не гублялі: вясной уклаліся ў тэрміны сяўбы, сельгасхімія выдзеліла для гаспадаркі больш, чым летась, угнаенняў, хімічную праполку сельгаспрадпрыемства правяло ў поўным аб’ёме, таму ёсць сур’ёзныя падставы чакаць добрага намалоту.

Забяспечыць якасць часткі гэтага ўраджаю па сродках відавой праполкі і дапамагаюць студатрадаўцы на чале з камандзірам Дар’яй Галяніцкай. Цікава было даведацца ў навучэнцаў, што матывавала іх пайсці ў працоўны атрад.

Паліна Швайдзюк, скончыла 9 клас Дварэцкай сярэдняй школы, жыве ў Белагурна:

– У атрадзе я ўпершыню. Даведалася аб магчымасці папрацаваць летам ад настаўнікаў. Адразу захацелася далучыцца да школьных сяброў, каб весела і з карысцю правесці лета. Мне тут падабаецца, стомленасці не адчуваю. Работа ў полі вучыць нас цярпенню, уважлівасці, я ўжо добра ўмею адрозніваць пшаніцу ад жыта. Грошы зарабляю на асабістыя патрэбы, бо сёлета паступаю на цырульніка ў Баранавічы. Адпачываць ад работы таксама паспяваю, найчасцей гэта сустрэчы з сябрамі або прагляд любімых кінастужак. Працаваць разам весела, таму іншым сваім равеснікам раю не губляць часу, абавязкова запісвацца ў студатрады: так можна праверыць сябе, выпрабаваць свае сілы.

Дыяна Харошка, скончыла 9 клас Дварэцкай сярэдняй школы, жыве ў Малой Палонцы:

– Я таксама ўпершыню ў студатрадзе, у нас з класа многія згадзіліся папрацаваць. Мы тут усе сябры, нездарма атрад носіць назву “Сяброўства”. Працуем на свежым паветры, расказваем цікавыя гісторыі, гэта лепш, чым дома сумаваць. Лічу, што моладзь павінна знаходзіць часовую занятасць, каб зразумець, што падабаецца, і пазней выбраць спецыяльнасць па душы. Праўда, я сама паступаю не на сельскагаспадарчую прафесію: буду вучыцца ў Брэсцкім каледжы на тэхніка па тэлекамунікацыях. Дарэчы, заробленыя грошы патрачу менавіта на падрыхтоўку да вучобы. У вольны час мне падабаецца глядзець тэлевізар, гуляць з сябрамі, гэта я паспяваю пасля работы. Заклікаю і іншых вучняў старэйшых класаў ісці ў студатрады: тут выдатна, не пашкадуеце.

Данііл Хаванскі, скончыў 9 клас Дварэцкай сярэдняй школы, жыве ў Белагурна:

– Другі год запар працую “на каласках”, у атрадзе мне падабаецца. Мінулагодні заробак патраціў на цацкі для малодшых братоў, якіх у мяне тры. Было прыемна адчуваць, што магу падарыць ім радасць. Сёлетні заробак патрачу на падрыхтоўку да школы, бо іду ў 10 клас. Работу ў полі цяжкай не лічу. Мне і дома даводзіцца дапамагаць маме па гаспадарцы, клапаціцца аб малодшых братах. І гэта рабіць патрэбна, бо бацькам нялёгка самім з усім спраўляцца. Увогуле, маладыя людзі павінны працаваць, каб прывыкаць да дысцыпліны. Адпачываць люблю ў лесе, бо я аматар збіраць грыбы, а вось ягады збіраць марудна. Папрацаваць летам раю кожнаму, каб лягчэй было вызначыцца з будучай прафесіяй – гэта някепскі вопыт.

Ягор Сіневіч, скончыў 8 клас Дварэцкай сярэдняй школы, жыве ў Дварцы:

– На прапанову настаўнікаў пайсці ў працоўны атрад я згадзіўся адразу, бо старэйшыя навучэнцы расказвалі, як тут весела, ды і з сябрамі хацелася сустракацца часцей, мы ж з розных населеных пунктаў. Я ўпэўніўся, што “на каласках” не складана, і ўсвядоміў, што зарабляць грошы няпроста. Цяпер больш буду паважаць працу бацькоў. Свой заробак планую адкласці, магчыма, зноў атрымаецца папрацаваць і назбіраць больш грошай на добрую пакупку. У вольны ад работы час я займаюся спортам і чытаю, цяпер, напрыклад, дачытваю кнігу “Прадавец абутку” Філа Найта. З сябрамі ў полі мы выдатна праводзім час і дзелімся ўражаннямі. Наша лета праходзіць нам на карысць, далучайцеся.

Ірына СТЫРНІК