Актуальным пытанням – зялёнае святло

Важнае Грамадства Свежыя навіны

На Дзятлаўшчыне ўкараняецца новая форма работы з насельніцтвам – дні адчыненых дзвярэй у арганізацыях, установах і гаспадарках раёна, якія будуць праходзіць на рэгулярнай аснове. Здаецца, фармат мерапрыемства не новы, але ў такіх маштабах у нашым раёне ён выкарыстоўваецца ўпершыню.

Як гэта будзе прадстаўлена на практыцы, расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка.

– Дні адчыненых дзвярэй скіраваны на паляпшэнне якасці інфармацыйна-тлумачальнай работы з насельніцтвам нашага раёна, удасканаленне работы са зваротамі грамадзян. У такі дзень любы жыхар Дзятлаўшчыны можа прыйсці ў арганізацыю, і спецыялісты дадуць яму неабходныя кансультацыі. Такім чынам мы пастараемся зрабіць паслугі арганізацый больш даступнымі для кожнага, каб не чалавек шукаў інфармацыю, дзе можа атрымаць пэўны від дапамогі, а самі арганізацыі заяўлялі пра сябе, расказвалі пра дзейнасць, паслугі, што аказваюць. Дні адчыненых дзвярэй закліканы наладзіць прамы і адкрыты дыялог з жыхарамі раёна, а для кіраўніцтва арганізацый такія сустрэчы стануць добрай нагодай пазнаёміць людзей са сваёй работай, пагутарыць з імі, пачуць канструктыўныя прапановы па паляпшэнні якасці работы. У наш час такі фармат сустрэч асабліва актуальны, паколькі мяняюцца патрабаванні, уносяцца змяненні ў заканадаўства, укараняюцца новыя паслугі, і чалавек павінен быць у курсе падзей.

Каб вызначыць, як часта і па якіх пытаннях будуць праводзіцца дні адчыненых дзвярэй у арганізацыях Дзятлаўшчыны, быў праведзены аналіз работы са зваротамі грамадзян за першае паўгоддзе 2019 года. Адпаведна вынікам акрэслена кола пытанняў, якія найбольш хвалююць жыхароў раёна, распрацаваны метадычныя рэкамендацыі і графікі правядзення дзён адчыненых дзвярэй. У некаторых установах і арганізацыях яны будуць ладзіцца з перыядычнасцю раз у квартал, у іншых – кожны месяц.

Па выніках 2019 года плануецца ажыццявіць маніторынг выкананай работы і высветліць, ці далі дні адчыненых дзвярэй у раёне чаканы эфект, ці паспрыялі змяншэнню колькасці зваротаў грамадзян.

На Дзятлаўшчыне старт гэтаму шырокамаштабнаму праекту даў дзень адчыненых дзвярэй у КСУП “Войневічы”, які прайшоў 30 ліпеня ў адміністрацыйным будынку гаспадаркі, па пытанні “Купля-продаж жылых дамоў у сельскагаспадарчай арганізацыі, згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”. У якасці кансультантаў выступілі спецыялісты сельгаспрадпрыемства: галоўны бухгалтар Таццяна Пятліцкая, юрысконсульт Аляксандр Лапацін, старшыня прафкама Вольга Сухецкая, галоўны спецыяліст Вольга Лахач. Мясцовым работнікам і грамадзянам, якія жывуць у дамах, што знаходзяцца ў гаспадарчым распараджэнні КСУП “Войневічы”, была дадзена магчымасць атрымаць поўныя і кампетэнтныя адказы, як набыць жыллё ва ўласнасць, якія дакументы для гэтага спатрэбяцца, ці можна скарыстацца крэдытам.

Па словах галоўнага спецыяліста гаспадаркі Вольгі Лахач, аб’ява аб дні адчыненых дзвярэй папярэдне была змешчана на інфармацыйны стэнд сельгаспрадпрыемства, работнікам пра яго расказалі таксама начальнікі вытворчых брыгад. Падобныя сустрэчы ў КСУП “Войневічы” мяркуецца праводзіць раз у месяц. Спецыяліст упэўнена, што такі фармат работы зручны для людзей, бо ўзнімаюцца актуальныя пытанні, збіраюцца кампетэнтныя спецыялісты, здольныя ў час размовы адказаць на кожнае з іх, папярэдне рыхтуецца ўся неабходная інфармацыя па праблеме і падшываецца ў каталог. З кожным новым днём адчыненых дзвярэй такіх каталогаў будзе назапашвацца больш, і людзі змогуць з імі азнаёміцца, пацікавіцца ў кансультантаў нават ранейшымі тэмамі. Такі адкрыты дыялог павінен даць станоўчыя вынікі, лічыць Вольга Лахач, а значыць, зменшыцца і колькасць зваротаў па нявырашаных пытаннях.

З тым, што на дні адчыненых дзвярэй можна атрымаць шмат патрэбнай інфармацыі, згаджаецца наведвальніца мерапрыемства Руслана Барысевіч, брыгадзір КСУП “Войневічы”. Жанчына знаходзіцца ў працоўным водпуску, і гэта выдатная магчымасць прыйсці на кансультацыю да спецыялістаў. Стаж Русланы Уладзіміраўны ў гаспадарцы складае 20 гадоў, яе муж таксама работнік гэтага сельгаспрадпрыемства. Жыве сям’я ў доме, які ім выдзеліла гаспадарка, але набыць жыллё ва ўласнасць яшчэ не паспела. Руслана Уладзіміраўна расказвае, што, прыйшоўшы на дзень адчыненых дзвярэй, даведалася шмат карыснай для сябе інфармацыі. Вядома, рашэнне, як дзейнічаць далей, будзе прымацца на сямейным савеце. Ці вырашыцца пытанне станоўча, жанчына пакуль не ўпэўнена, затое яна расказала, што вуліца ў іх прыгожая, суседзі добрыя. Скарыстаўшыся магчымасцю, Руслана Барысевіч прапанавала разам пасадзіць уздоўж гэтай вуліцы маладзенькія бярозкі. Яе ініцыятыву тут жа абмеркавалі.

Як бачым, ужо на першым дні адчыненых дзвярэй ідзе зваротная сувязь, можна даведацца не толькі аб клопатах людзей, але і пачуць іх канструкцыйныя прапановы, жаданні, памкненні.

Ірына СТЫРНІК     



Теги: