9 ліпеня 1944 года – дзень, калі вызвалілі Дзятлава

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Каляндар перагортвае старонкі. Нядаўна Беларусь адсвяткавала 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Цяпер ёсць нагода ўзгадаць аб знамянальным дні для жыхароў нашага раёна. 9 ліпеня 1944 года савецкія войскі пасля больш чым трох гадоў акупацыі вызвалілі Дзятлава. Невыпадкова гэтую дату можна лічыць сімвалам адраджэння нашага горада пасля разбуральнай Вялікай Айчыннай вайны. Як гэта было? Чый подзвіг паклаў пачатак вольнага жыцця дзятлаўчан?

На досвітку 9 чэрвеня 1944 года ў ходзе наступальнай аперацыі “Баграціён” часці 3-й арміі 2-га Беларускага фронту разгарнулі наступленне на Дзятлава. На подступах да гарадскога пасёлка гітлераўцы аказалі ім моцнае супраціўленне. Тым не менш, ужо да 11 гадзін раніцы воіны 283-й Гомельскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі ордэна Суворава на чале з палкоўнікам Васілём Канавалавым прарвалі абарону ворага і авалодалі гарадскім пасёлкам.

Назаўсёды засталіся ў дзятлаўскай зямлі воіны-вызваліцелі – Героі Савецкага Саюза камандзір 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі, якая ўдзельнічала ў баях за наш горад, генерал-маёр Ян Янавіч Фогель і яго баявы сябар, палкоўнік Павел Гаўрылавіч Пятроў, а таксама байцы 3-й арміі 2-га Беларускага фронту, якія загінулі ў час вызвалення Дзятлава. Жыхары райцэнтра ўшаноўваюць іх памяць і штогод прыносяць вянкі і кветкі да мемарыяла ў гарадкім парку, дзе пахаваны вызваліцелі.

Памяць пра воінаў і мірных жыхароў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, увекавечана ў 96 помніках і абелісках на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна.

Лічбы ваеннай статыстыкі сведчаць, што карнікамі за перыяд акупацыі было спалена, расстраляна, павешана, па-зверску закатавана і сагнана на катаржныя работы ў Германію звыш васьмі тысяч мірных жыхароў раёна. За гады Вялікай Айчыннай вайны ў барацьбе за свабоду і незалежнасць Савецкай Радзімы загінула 995 ураджэнцаў дзятлаўскай зямлі, сярод якіх 873 франтавікі, 122 партызаны і падпольшчыкі.

Ірына СТЫРНІК



Теги: