Поспех спадарожнічае працавітым

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Ілья Угрын, выпускнік гімназіі №1 горада Дзятлава, пераможца заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, удзельнік першага этапу вучэбных збораў кандыдатаў у каманду Рэспублiкi Беларусь для падрыхтоўкі да міжнароднай алімпіяды па матэматыцы сёлета быў запрошаны на ўрачысты прыём да Дня моладзі, які праходзіў у Гродзенскім абласным выканаўчым камітэце.

Святочная сустрэча ладзілася 26 чэрвеня. Мы папрасілі Ілью падзяліцца ўражаннямі ад паездкі ў абласны цэнтр.

– Было вельмі прыемна трапіць на ўрачысты прыём старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Васільевіча Краўцова, дзе сабраліся каля трох дзясяткаў мэтанакіраваных і таленавітых маладых людзей з усіх куткоў нашай вобласці. Мерапрыемства ладзілася на высокім узроўні. Кожнага з нас прадставілі, расказалі пра поспехі і заслугі.

У вітальным слове старшыня аблвыканкама адзначыў, што ў Прынёманскім краі шмат увагі надаецца моладзі, таму што ад падрастаючага пакалення ў многім залежыць, як будзе развівацца краіна. Уладзімір Васільевіч заклікаў нас паважаць і захоўваць культурную і гістарычную спадчыну, пажадаў не спыняцца на дасягнутым, самаўдасканальвацца, вучыцца, быць патрыётамі вялікай і малой радзімы.

Таксама для нас была падрыхтавана невялікая канцэртная праграма, кожнаму ўручылі падарунак.

Сустрэчы на такім узроўні падбадзёрваюць, надаюць упэўненасці ва ўласных сілах, арыентуюць на новыя поспехі. У мяне ўсё яшчэ наперадзе: у бліжэйшы час мяркую падаваць дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Родныя мой выбар падтрымліваюць, кажуць, што праграміст – дастойная прафесія. За час вучобы ва ўніверсітэце буду імкнуцца набрацца новых ведаў і вопыту, каб у далейшым уладкавацца на добрую работу, прыносіць карысць грамадству. Рабятам, якія яшчэ не скончылі школу, жадаю ўдачы, добрых адзнакаў, зацікаўленасці і старання. Поспех спадарожнічае працавітым, таму не варта марна траціць час, лепш прысвяціць яго набыццю новых ведаў. Побач з вамі вашы настаўнікі, якія заўсёды падтрымаюць і дапамогуць, калі адчуваюць вашу зацікаўленасць. А перамогі і набыткі абавязкова з’явяцца ў тых, хто старанна працуе.

Ірына СТЫРНІК