Навошта прыходзіць на ЦТ раней?

Важнае Да ведама грамадзян Свежыя навіны

З 11 чэрвеня 2019 года ў Беларусі пачнецца асноўны этап уступнай кампаніі – цэнтралізаванае тэсціраванне (ЦТ). Камітэт дзяржаўнага кантролю прымае ўдзел у ажыццяўленні кантролю за арганізацыяй уступнай кампаніі ва ўстановах адукацыі ў 2019 годзе, і ў сувязі з гэтым праводзіць тэлефоны гарачых ліній: у горадзе Гродне (8 0152) 79-88-16, 79-88-40, 79-88-01, у горадзе Лідзе 8 (0154) 64-65-03, 64-65-02, 64-65-01.

На пытанні, якія ўжо паступілі, адказала галоўны спецыяліст Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Ганна Усацюк.

Пытанне: ці ёсць сёлета змены пры правядзенні ЦТ?

Адказ: істотных змен пры арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання ў 2019 годзе няма, а вось узровень ведаў і падрыхтоўкі абітурыентаў будзе аб’ектыўна ацэнены па новай спецыяльнай методыцы.

Пытанне: тэсціраванне пачынаецца ў 11 гадзін, навошта прыходзіць раней?

Адказ: абітурыенты абавязаны прыбыць у пункт правядзення тэсціравання не пазней чым за 30 хвілін да пачатку цэнтралізаванага тэсціравання. У пропуску пазначаны адрас пункта правядзення ЦТ, а нумар аўдыторыі абітурыент даведаецца толькі ў дзень правядзення ЦТ. Пасля завяршэння рэгістрацыі абітурыенты па аўдыторыях размяшчаюцца ў выпадковым парадку, таму ім неабходна быць асабліва ўважлівымі пры пошуку патрэбнай аўдыторыі і прыходзіць на ЦТ раней.

Пытанне: ці можа абітурыент замест пашпарта даць пры праходжанні цэнтралізаванага тэсціравання пасведчанне аб нараджэнні або копію пашпарта, завераную натарыусам, вадзіцельскае пасведчанне?

Адказ: дакументам, які сведчыць асобу, з’яўляюцца: пашпарт, від на жыхарства, пасведчанне бежанца, у выпадку страты (крадзяжу) пашпарта – даведка, якая пацвярджае асобу. Іншыя дакументы, якія сведчаць асобу, пры праходжанні цэнтралізаванага тэсціравання, не прадугледжаны.

Пытанне: калі пропуск пакінуў дома, страціў, да ЦТ не дапусцяць?

Адказ: абітурыенту, раней зарэгістраванаму, афармляецца дублікат пропуску, і ён дапускаецца да ЦТ.

Важны момант: калі ЦТ было прапушчана па ўважлівай прычыне і гэты факт можна пацвердзіць дакументальна, абітурыенту дазволяць прайсці тэсціраванне ў рэзервовы дзень. У 2019 годзе прадугледжаны тры рэзервовыя дні: 6, 8 і 10 ліпеня.

Пытанне: ці можна задаваць пытанні ў час правядзення ЦТ па змесце тэстаў?

Адказ: пытанні абітурыентаў па змесце педагагічных тэстаў у аўдыторыі не разглядаюцца.

Пытанне: ці можна мяняцца месцамі на ЦТ?

Адказ: абітурыентам катэгарычна забараняецца мяняцца месцамі, экзаменацыйнымі матэрыяламі, чарнавікамі ў час цэнтралізаванага тэсціравання.

Пытанне: ці можна раней атрымаць вынікі ЦТ?

Адказ: вынікі можна даведацца праз два тыдні на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, у пунктах правядзення ЦТ або з дапамогай платнага SMS-паведамленні.

Пытанне: ці магчымая на ЦТ замена бланка адказу ў выпадку памылкі?

Адказ: на ЦТ абітурыенту даецца толькі адзін бланк. Замена бланка адказаў не прадугледжана.

Пытанне: ці магчымая датэрміновая здача выкананых работ?

Адказ: здаць бланк можна датэрмінова, але да пэўнага моманту. За 15 хвілін да заканчэння часу, адведзенага на выкананне заданняў ЦТ, датэрміновая здача бланкаў спыняецца.

Пытанне: што рабіць, калі не згодны з вынікам, атрыманым на цэнтралізаваным тэсціраванні?

Адказ: прэтэнзіі да выніку цэнтралізаванага тэсціравання не разглядаюцца.

Святлана ГРЫШЫНА