Гэта яго перамога

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сёлета мы адзначаем 145-годдзе з дня нараджэння нашага земляка, сувязнога Ленінскай партызанскай брыгады, чалавека мужнага і моцнага духам – Іосіфа Філідовіча.

Шмат подзвігаў было здзейснена ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і хоць мінула з той пары больш за сем дзесяцігоддзяў, але і сёння яшчэ ёсць шмат невядомага, закрытага часам і адсутнасцю жывых сведкаў. Так як і некалі, у сямідзясятыя, калі землякам стала вядома імя ліпічанскага Сусаніна. Ды і як можна было прапісаць дэталі, калі подзвіг часта здзяйсняўся не на вачах знаёмых ці блізкіх, а сам-насам з ворагам. Так, адольваючы непраходныя балоты Ліпічанскай пушчы, пайшоў у бессмяротнасць і Іосіф Юр’евіч.

Глядзіш з акна музея на невялічкі сквер, дзе, абапіраючыся на сукаваты кій, нібы толькі што выйшаў з хаты стары ў зрэбнай сялянскай вопратцы. Твар хмуры, у вачах агонь нянавісці і рашучасці. Крок, яшчэ адзін крок… Там, на балотнай выспе, людзі, яны параненыя, яны не могуць выратавацца самі. Выратаваць іх павінен ён. А за спінай ужо нясецца брыдкай лаянка на чужой мове, фашыст хапае за каўнер зрэбнай світы, штыком штурхае ў спіну. Крок, яшчэ крок… Стары не спыняецца, паволі рухаецца наперад. А вакол шуміць снежаньскі лес, шуміць яго родная пушча. Колькі разоў ён тут паляваў, збіраў грыбы, хадзіў патаемнымі сцежкамі да партызанскага лагера. Колькім абяздоленым людзям пушча дала прытулак, жытло. Здавалася, ніколі сюды не трапіць вораг. Ды вось…

У 70-я гады на Дзятлаўшчыну прыязджаў журналіст Уладзімір Правасуд, сустракаўся з былым начальнікам партызанскага шпіталя Іванам Елізаравічам Калмыковым і яго жонкай Кацярынай Іванаўнай, шукаў сярод мясцовых жыхароў тых, хто мог бы расказаць пра далёкія гераічныя дні.

Вось што расказаў журналісту Іван Елізаравіч:

– Месца для шпіталя было ідэальным. З усіх бакоў астравок акружалі непраходныя балоты, якія не замярзалі зімой. Зямлянкі для хворых, лазня, склады, пякарня і нават калодзеж былі нібы пад двайным дахам – пад шатамі арэшніку і векапомных дубоў. Шпіталь зверху не праглядаўся, а па зямлі да яго нельга было падысці. Зносіны са светам ажыццяўляліся толькі праз кладкі, пакладзеныя ў шахматным парадку і затопленыя ў дрыгве. Прайсці праз іх мог толькі той, хто ведаў іх размяшчэнне. Для большай канспірацыі нават параненым партызанам, якія перапраўляліся ў шпіталь, завязвалі вочы. Калі яны папраўляліся, гэткім жа парадкам адпраўлялі назад. Такім быў загад камандавання Дзятлаўскай, Жалудоцкай і Слонімскай зоны, якую абслугоўваў шпіталь. А адшукаць месца для шпіталя і абсталяваць яго нам і дапамог Іосіф Юр’евіч Філідовіч. З першых дзён арганізацыі шпіталя быў нашым сувязным. Ніхто з партызан нават па самай пільнай патрэбе не мог узяць у яго коней, на гэта было адпаведнае распараджэнне камандзіра партызанскай брыгады “Перамога” Паўла Іванавіча Булака. Коні ў любы момант маглі спатрэбіцца, каб перавезці параненых або паведаміць пра небяспеку вартавым шпіталя. Сапраўдным памочнікам Філідовіча быў яго дванаццацігадовы ўнук Хведар. Хведар застаўся жывы. Жыве ў Чырвоным Боры.

Уладзімір Правасуд разам з першым дырэктарам нашага музея Міхаілам Фёдаравічам Петрыкевічам сустрэўся з Фёдарам Філідовічам, які завёў гасцей на выспу, дзе ў час вайны размяшчаўся партызанскі шпіталь. Журналіст успамінае:

– Ледзь прыкметная сцяжынка, абмінаючы купіны, вываратні, балацінкі, напоўненыя вадой, усё далей і далей вядзе нас ад дарогі. Нарэшце выбіраемся на даволі сухую мясціну, на востраў. Тут і размяшчаўся партызанскі шпіталь, які, нягледзячы на намаганні фашыстаў, працаваў да самага вызвалення. Рэшткі зямлянак, калодзежа яшчэ сёння нагадваюць, што некалі на востраве чалавек знайшоў сабе прытулак і, як мог, абжыў яго.

Падарожжы па Ліпічанскай пушчы, размовы з людзьмі, якія добра ведалі Філідовіча, знаёмства з яго ўнукамі – усё гэта дапамагло журналісту апісаць у дэталях подзвіг партызанскага сувязнога.

Надыход зімы 1942 года прынёс трывожныя весткі: на пушчу рухаліся карнікі. У вёсцы Вялікая Воля яны спачатку знішчылі ўсіх жыхароў, а потым спалілі пабудовы. Разам з жыхарамі перасталі існаваць вёскі

Трахімавічы, Гарадкі, Дубраўка, шматлікія хутары, што былі раскіданы на подступах да пушчы. Малодшых унукаў Філідовічы пераправілі ў Лідскі раён да цёткі, Хведар застаўся з дзедам.

Бяда падступіла да хутара надвячоркам. Карнікі з’явіліся знянацку. Філідовіч падграбаў растрэсенае сена каля пуні. Яны стаялі і аб нечым раіліся. Неўзабаве чалавек пяць аддзяліліся і накіраваліся ў двор. Стары працягваў сваю справу.

– Добры вечар, гаспадар, – сказаў адзін на чыста рускай мове. Філідовіч прывітаўся. Карнікі агледзелі двор, пабудовы.

– А хто ў хаце?

– Нявестка і ўнук.

Зайшлі ў хату, абгледзелі ўсё і там. А потым загадалі старому і Хведару ісці з імі. Калі выйшлі на надворак, Філідовіч сказаў унуку:

– Нічога не бойся, мы ні ў чым не вінаватыя і нічога не ведаем…

Яны ішлі ад хутара да вёскі Зачэпічы, потым ва ўрочышча Язвіна. Тут карнікі спыніліся.

– Дзе знаходзіцца партызанскі шпіталь, гавары! – закрычаў перакладчык.

– Не разумею, пра што вы, паночкі, – адказаў Філідовіч.

Тады ўзяліся за Хведара.

– Не ведаю, – прашаптаў хлопец.

Перакладчык ударыў хлопчыка, потым яшчэ раз і яшчэ. Раз’юшаныя карнікі пачалі біць яго ботамі. Хлопец сціснуўся ў клубок, ад удараў качаўся па снезе.
Дзед не вытрымаў:

– Перастаньце. Я пакажу вам дарогу. Але пры адной умове: вы пакінеце майго ўнука жывым вось тут, на дарозе.

Карнікі згадзіліся, прыгразіўшы Філідовічу і яго родным смерцю, калі ён не завядзе іх да шпіталя.
Больш Хведар не чуў і не бачыў дзеда. Дапоўз дадому, папярэдзіў маці, і яны сышлі з хутара ў Накрышкі, дзе жыла радня.
А Філідовіч завёў карнікаў не да кладак, а значна правей, у процілеглы бок, туды, дзе каля ўрочышча Язвіна была непраходная багна.
Крок… Яшчэ крок… Не думаць, ні пра што не думаць… Фашысты ідуць за ім – і гэта яго перамога.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея



Теги: