У Перамогі кветкавы настрой

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Грамадскія аб’яднанні і арганізацыі працягваюць віншаваць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з надыходзячым святам Перамогі.

Прадстаўнікі раённага  савета ветэранаў, Беларускага саюза жанчын, Таварыства Чырвонага Крыжа з кветкамі, падарункамі і віншаваннямі завіталі да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія жувуць на тэрыторыі Казлоўшчынскага сельсавета: Фёдара Шалеснага, Ганны Робата і Васіля Аліменкі.

Сустрэча з Фёдарам Шалесным адбылася ў вёсцы Лозкі, дзе ён жыве. Удзячныя нашчадкі выказалі падзяку Фёдару Васільевічу за самаадданасць Радзіме, салдацкі ўклад у перамогу над фашызмам, сардэчна пажадалі ветэрану дабрабыту, доўгіх гадоў жыцця і светлага настрою.

 

З лістапада 1944 года Фёдар Шалесны ваяваў за Радзіму на ІІ Беларускім фронце радавым  у складзе 163-га стралковага палка, быў другім нумарам за зенітнай ракетнай устаноўкай.

За апошні год вайны, вызваляючы акупіраваныя тэрыторыі, яму давялося прайсці немалы, поўны выпрабаванняў, шлях франтавіка. Як успамінае сам ветэран, “сустрэча з вайной” пачалася ў Жытоміры, дзе некаторы час малады салдат навучаўся кулямётнай справе. Першы бой прыняў непадалёк ад горада Ужгарад. Удзельнічаў у вызваленні Венгрыі ў час, калі там поўным ходам развівалася так званая “Будапешцкая аперацыя”, мэта якой – разгром нямецкіх войскаў і вывад краіны з вайны.

Самую галоўную і доўгачаканую навіну аб заканчэнні вайны і Перамозе Фёдар Васільевіч сустрэў у Ленінградзе.

Пасля заканчэння вайны ў лістападзе  1945 года Фёдар Шалесны вярнуўся ў родныя Лозкі, дзе пабудаваў дом, стварыў сям’ю, выхаваў пяцёра дзяцей. Працаваў у Вензавецкім дрэваперапрацоўчым цэху Дзятлаўскага лясгаса.

За баявыя заслугі Фёдар Шалесны ўзнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”, а таксама шматлікімі юбілейнымі медалямі. Сёлета 15 мая ветэрану споўніцца 93 гады.

Яшчэ адна святочная сустрэча адбылася ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына. Са святам Перамогі павіншавалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Аліменку. Баявы шлях Васіля Мікалаевіча пачаўся ў 1941 годзе ў 32-м стралковым палку 19-й стралковай дывізіі. Затым на яго долю выпала цяжкае выпрабаванне – франтавік трапіў у палон. Сёлета самаму старэйшаму відавочцу і ўдзельніку ваенных дзеянняў Васілю Аліменка споўніцца 101 год.

У Казлоўшчынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў адбылася сустрэча з былой франтавічкай Ганнай Робата, якая сёлета адзначае свой 90-гадовы юбілей.

За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне тылавік Ганна Кузьмінічна  адзначана медалём.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Теги: