Сям’я – галоўная каштоўнасць

Грамадства Свежыя навіны

Сям’я – гэта адна з найважнейшых каштоўнасцей у жыцці кожнага чалавека.

Менавіта ў сям’і пачынаецца яго жыццё, фарміраванне яго асобы, уваходжанне ў соцыум. Прызначэнне сям’і – гэта выхаванне дзяцей. Эфектыўнае ўзаемадзеянне сям’і і школы з’яўляецца абавязковай умовай паспяховага вырашэння выхаваўчых задач новага пакалення.

Ужо на працягу многіх гадоў стала добрай традыцыяй у сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава адзначаць гэтае свята сумесна. Цёплым майскім днём школа вітала гасцей на свята “Сям’я – каманда на ўсё жыццё”. Бацькі і дзеці прынялі ўдзел у конкурснай забаўляльнай праграме. Для іх былі прапанаваны заданні “Пазнай сваё дзіця”, гульня “Табу”, “Як бы адказала ваша дзіця?”, “Уборы для матуляў”.

Свята прайшло ў цёплай, сяброўскай атмасферы, якую стварылі работнікі школы і ўдзельнікі мерапрыемства. Бацькі разам з дзецьмі прынялі актыўны ўдзел у конкурсах, адказвалі на пытанні. Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі дыпломы, прынялі віншаванні ад вучняў школы і атрымалі асалоду ад канцэрта.

Інга ПАЎЛЮЧЫК