Шашкі – спорт без бар’ера

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прайшлі раённыя спаборніцтвы па шашках у індывідуальным заліку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Сустрэча ладзілася з ініцыятывы фізкультурна-спартыўнага клуба горада Дзятлава.

За шашачнымі дошкамі сустрэліся ўдзельнікі раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Беларускае таварыства інвалідаў” і “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”. У дзвюх групах за званне мацнейшых змагаліся 14 чалавек. За гульнёй сачыў галоўны суддзя спаборніцтваў – інструктар-метадыст ФСК Аляксандр Белавус.

На чорна-белых клетках разгортваліся сапраўдныя баталіі, але было відаць, што сапернікамі ўдзельнікі сустрэчы з’яўляюцца толькі за шашачнымі дошкамі, ад самаго працэсу яны атрымліваюць вялікае задавальненне.

Нарэшце ў абедзвюх групах вызначыліся лепшыя па колькасці паспяховых партый. Яны атрымалі свае ўзнагароды ва ўрачыстай абстаноўцы. Сярод удзельнікаў раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” самы высокі вынік паказаў Канстанцін Дораш, на другім месцы замацавалася Гэля Красоцкая, трэцім стаў Уладзімір Нічыпар. Сярод удзельнікаў раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” пераможцай раённых спаборніцтваў стала Іўліянія Шах, на другой пазіцыі – Аляксандр Даргевіч, замкнуў тройку лідараў Віктар Гаркавец. Акрамя дыпломаў, прызёры з ліку маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі атрымалі падарункі ад раённага камітэта ГА “БРСМ”, якія ім уручыла першы сакратар Кацярына Хілімончык. Таксама ўсе ўдзельнікі спаборніцтваў з абедзвюх груп былі адзначаны заахвочвальнымі прэміямі ад сваіх аб’яднанняў і фізкультурна-спартыўнага клуба.

Ірына КАЎКЕЛЬ