Ратаўнікі сабраліся на малітву ў касцёле ў дзень свайго апекуна

Важнае Грамадства Свежыя навіны

4 мая ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве прайшла Святая Імша.

У дзень святога мучаніка Фларыяна, які лічыцца заступнікам пажарных, вернікі памаліліся за працаўнікоў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якія таксама сабраліся ў святыні.

Ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула павітаў усіх прысутных.

Ён адзначыў, што ў маладосці Фларыян прысвяціў сябе прафесійнай вайсковай службе і дайшоў да рангу камандзіра. Будучы адважным чалавекам, ён палюбіў прафесію вайскоўца ўсім сэрцам, але яшчэ больш ён любіў Хрыста, і пакляўся яму ў вернасці. Калі даведаўся аб тым, што ў горадзе Лорхе ў Верхняй Аўстрыі павінны пакараць смерцю некалькі дзясяткаў хрысціян, прыехаў туды, каб выратаваць іх. За такі ўчынак быў арыштаваны і падвергнуты жорсткім катаванням.

У час Эўхарыстыі маліліся таксама за ветэранаў МНС і тых, каго ўжо з намі няма.

Святар падзякаваў ратаўнікам за іх працу і ахвярнасць, пажадаў моцнага здароўя ім і іх сем’ям. Заклікаў не баяцца выпрабаванняў і цяжкасцяў, якія так часта сустракае чалавек, але якія былі і на шляху Езуса, Марыі і многіх святых.

Вольга ЮШКЕВІЧ