Першамай у Дзятлаве: славім людзей працы (+відэа)

Галоўнае Свежыя навіны Улада

1 мая ў Дзятлаве ладзіўся парад прафесій, прымеркаваны да Дня працы.

Гэта  актывісты прафсаюзнага руху і раённых грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі розных галінаў народнай гаспадаркі Дзятлаўшчыны, сярод якіх – адукацыя, медыцына, прамысловасць, сацыяльная абарона, сельгасвытворчасць, культура, банкаўская справа, будаўніцтва, іншыя.

Свята прадоўжыла ўрачыстая цырымонія ўручэння пасведчанняў аб занясенні на раённую Дошку гонару і ўшанавання заслужаных землякоў. З Днём працы ўдзельнікаў мерапрыемства павіншаваў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік:

– Мірная праца – вялікая каштоўнасць, якая гарантуе стабільнасць і згоду ў грамадстве. Для беларускага народа, які перажыў нямала выпрабаванняў, гэта асаблівы набытак. У нашай краіне людзі ўмеюць і любяць працаваць. Развіваецца і ўмацоўваецца эканоміка, павышаецца ўзровень жыцця грамадзян, ствараюцца спрыяльныя ўмовы для развіцця бізнэсу.

Першамай быў і застаецца сімвалам абнаўлення, светлых надзей, узаемнай падтрымкі і згуртаванасці, глыбокай павагі да стваральнай працы. Гэта не проста свята, гэта – даніна павагі да людзей, якія працуюць для дабрабыту Айчыны і роднага краю. На Дзятлаўшчыне стала добрай традыцыяй ушаноўваць перадавікоў вытворчасці, работнікаў розных галінаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у рабоце, заслужылі павагу і падзяку людзей. Сёння мы ўшаноўваем пераможцаў працоўных спаборніцтваў, імёны якіх занесены на раённую Дошку гонару, нашых землякоў і моладзь, якія сваёй працай праслаўляюць Дзятлаўшчыну.

Па выніках работы за 2018 год, згодна з рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, на раённай Дошцы гонару з’явіліся новыя прозвішчы перадавікоў вытворчасці. Кіраўнік раёна ўручыў ім памятныя сертыфікаты і грашовыя прэміі. Таксама былі ўшанаваны сельскія выканаўчыя камітэты і працоўныя калектывы, якія па выніках раённага спаборніцтва дасягнулі высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці за 2018 год. Пераможцамі прызнаны працоўныя калектывы Данілавіцкага сельвыканкама, ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў, КСУП “Хвінявічы”, гімназіі №1 горада Дзятлава, Гезгалаўскага яслі-сада, Данілавіцкага дома культуры, Рудаяварскага ФАПа, дзіцячага аддзялення Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

 

Ірына СТЫРНІК
Вольга ЮШКЕВІЧ



Теги: