Марыя Гільвін: “Сумленна трэба працаваць”

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва  Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ў рамках Года малой радзімы працягвае праект “Глыбінкай жыве Беларусь”, які накіраваны на адраджэнне і захаванне памяці, духоўнага багацця малой радзімы.

Ёсць на Дзятлаўшчыне людзі, якія ўсё жыццё працавалі на карысць сваёй малой радзімы і атрымалі званне “Ветэран працы”. Адна з іх – жыхарка вёскі Засецце Марыя Іосіфаўна Гільвін. У наступным годзе жанчыне споўніцца 90 гадоў, але яна добра памятае ўсе падзеі свайго жыцця і з цікавасцю расказвае пра іх.

Марыя Іосіфаўна нарадзілася ў вёсцы Пенчыцы. Сям’я іх была вялікая – дзевяць чалавек, жылі добра, дружна. Але пачалася вайна.

“Вайну помню. Цяжкі быў час, нават дзецям даводзілася шмат працаваць: я і гарала, і сеяла, і касіла – усё рабіла, –узгадвае жанчына. – Помню, як партызаны цэлую ноч ходзяць. І ўсё да мяне, бо бацька нагу паламаў, ляжаў. Раз прыйшлі да яго, а ў нас было дзевяць свіней, і папрасілі кабана, а ён дазволіў узяць двух, дык больш яны да нас і не заходзілі. А потым бацьку забралі на вайну, ён быў у Германіі, калі скончылася вайна, яго перакінулі ў Японію. Ён расказваў, што вось там дык вайна была: дзе ў хату не ўвойдзеш, усё туды страляюць. Шмат пабілі там салдатаў. Бацька вярнуўся толькі таму, што схітраваў, а так забілі б і яго”.

Лёс вясковых жанчын заўжды быў звязаны з працай. З ранняга дзяцінства дзяўчынкі ўжо ва ўсім дапамагалі дарослым. Марыя Іосіфаўна расказвае, што і яна ўсё ўмела рабіць: “Хай адно ўбачу дзе што, я тое зраблю. Посцілкі ткала такія, што з усяго раёна прыязджалі, каб ім зрабіла”. Жанчына шкадуе толькі, што скончыла ўсяго чатыры класы. Добра вучылася, але з-за вайны не было магчымасці прадоўжыць адукацыю.

З усімі жыццёвымі цяжкасцямі і перашкодамі лягчэй спраўляцца, калі ёсць каму цябе падтрымаць і дапамагчы. Для Марыі Іосіфаўны гэта заўсёды была яе сям’я.

“Замуж я выйшла за харошага хлопца, на сем гадоў старэйшы за мяне. Ціхі быў, акуратны, працавіты вельмі. Застаўся адзін з маці, цяжка ім было, бо ў вайну згарэла іх гаспадарка. Хадзіў зарабляў, каб хату паставіць. У яго быў недалёка ад нас гектар сенажаці, касілі, а я як пасу каровы, дапамагала яго маці падграбаць. А сяброўка мая гаворыць: “Што, падлізваешся да кавалера?”. А я ж яго нават добра не ведала. Хутка прыйшлі да нас сваты, і ў сямнаццаць гадоў выйшла я замуж. Нарадзілася ў нас трое дзетак: дзве дачкі і сын. Дзеці ў мяне ўсе надта харошыя. Маю ўжо сем унукаў і дзесяць праўнукаў. Усе любяць мяне, дапамагаюць, вельмі дружная ў нас сям’я”.

Пытаюся ў Марыі Іосіфаўны, як адпачывалі ад цяжкай вясковай працы, пэўна ж, былі нейкія захапленні. Успамінае, што моладзь на танцы хадзіць любіла, танцавалі і лявоніху, і кракавяк. “Я была красавіца, на танцах камандавала ўсім, – гаворыць. – Спявала вельмі харашо, усе вяселлі ў Засеццях адгуляла. Выступала нават не раз. У Мінску ў Доме афіцэраў спявала. Паехалі неяк з маёй брыгадай спяваць, усе хорам праспявалі, а потым мяне папрасілі яшчэ адной выступіць. Пасля выступлення адзін афіцэр папрасіў застацца, а іншыя падыходзілі па чарзе і ў вялікі кішэнь майго фартуха клалі па дзесяць рублёў. Вось як аддзякавалі мне. Запрашалі яшчэ не раз спяваць. Аднойчы спыталі пасля выступлення, што мне падарыць. А я папрасіла гармонік, бо збіраліся ў мяне на лавачцы перад домам вечарам, хочам паспяваць, музыкант ёсць, а гармоніка няма. Хоць і наробімся за дзень, але ўсё роўна збіраліся разам, вось такі ў нас быў адпачынак. І мне падарылі гармонік. Як жа ў вёсцы былі радыя!”

Пастаянны клопат аб даручанай справе, імкненне заўсёды быць наперадзе, уласным прыкладам натхняць на плённую працу іншых – вызначальныя рысы характару гэтай руплівай жанчыны. Таму і атрымала Марыя Іосіфаўна званне “Ветэран працы”.

“Усё жыццё адпрацавала я ў калгасе “Расія”, – расказвае жанчына. – Ніякай працы не баялася, заўжды хацелася быць перадавой. Спачатку была звеннявой. Добра працавала, нават прыехаў раз да мяне з Вензаўца старшыня клікаць да сябе звеннявой, але я не згадзілася.

У маім звяне было сямнаццаць жанчын, усё рабілі ўручную, цяжка было, працавалі многа, але дружна, не ленаваліся. Вазілі ў Слонім здаваць лён, заўсёды план выконвалі. Я адпрацавала звеннявой дваццаць тры гады, а потым трактары пачалі ўсё рабіць. Тады перайшла на ферму – цялят гадавала. І там заўжды старалася. Дзеці мае дапамагалі мне на ферме, прыбягалі пасля школы, насілі ў кошычках моркву з капца цялятам. Цяляты мае дагледжаныя заўжды былі, старшыня хваліў, што яны чыстыя, гладкія”.

Шмат можа расказаць Марыя Іосіфаўна і пра свае ўзнагароды. Аказваецца, яна памятае, як іх уручалі, ганарыцца сваімі медалямі: Ордэн Працоўнага Чырвонага Знамені, Ударнік камуністычнай працы, Ветэран працы, Пераможца сацыялістычных спаборніцтваў 1973-га, 1978 гадоў, вымпел “Лепшаму льнаводу” – усе і не пералічыць. Захоўвае яна і  фотаздымкі, выразкі з раённай газеты “Перамога”, “Гродзенскай праўды”, дзе пісалі пра яе дасягненні.

Калі спытаць у жанчыны, ці ўмеюць сёння так працаваць, як некалі, яна гаворыць, што і цяпер усялякія ёсць. Раней усё было ўручную, а цяпер тэхнікі шмат, цяпер намнога лягчэй працаваць. Важна, сцвярджае яна, паважаць адзін аднаго ў калектыве, падтрымліваць і дапамагаць, тады і справа будзе ісці хутчэй. Сумленна трэба працаваць і справядліва, да людзей добра адносіцца, тады і Бог будзе ва ўсім дапамагаць. Дарэчы, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, Марыя Іосіфаўна кожную нядзелю наведвае касцёл, жыве з Богам у сэрцы ўсё жыццё.

Святлана ГРЫШЫНА
Вольгі ЮШКЕВІЧ