Дзякуй за мірнае неба

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Пад такой назвай у дзяржаўнай установе адукацыі “Гезгалаўскі яслі-сад” прайшоў тэматычны дзень, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

З вялікай цікавасцю выхаванцы старэйшага ўзросту разглядалі фотаальбомы і кнігі, прысвечаныя ваенным дзеянням Вялікай Айчыннай вайны, малюнкі і ілюстрацыі да Дня Перамогі.

У святочна аформленай зале, дзе напярэдадні светлага і радаснага дня сабраліся дзеці і дарослыя, пад гукі ваенных песень адбылося мерапрыемства “Мы – праўнукі Перамогі”. Вядучая, выхавальнік М. Басай, засяродзіла ўвагу на тым, што ў гэтым годзе адзначаецца 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дзень Перамогі – асаблівае свята, якое адзначаюць і дзеці, і дарослыя. У першую чаргу, усе з удзячнасцю ўспамінаюць абаронцаў Айчыны, якія адстаялі мір у жорсткай сутычцы з фашызмам. Многія заплацілі за мір сваім жыццём, змагаючыся ў партызанскіх атрадах і працуючы ў тыле.

З дапамогай мультымедыйнай устаноўкі выхаванцы зрабілі віртуальную экскурсію ў Беларускі Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Потым выхавальнік расказала і паказала дзецям фотаздымкі герояў, якія вызвалялі наш раён, у іх ліку – Павел Гаўрылавіч Пятроў, Ян Янавіч Фогель, Іван Сямёнавіч Фурсенка, Іосіф Юр’евіч Філідовіч.

З асаблівым хваляваннем разглядалі выхаванцы баявыя ўзнагароды “Ордэн Чырвонага Сцяга”, “Ордэн Айчыннай вайны”, медалі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, За абарону Ленінграда”.

У гульні-разважанні “Мужчыны і жанчыны на вайне” дзеці замацавалі ўяўленні аб тым, якую работу выконвалі жанчыны на вайне, у якіх войсках служылі мужчыны. Нашы дзяўчынкі таксама пабылі ў ролі медыцынскіх сясцёр, прымаючы ўдзел у гульні “Дапамажы раненаму”. Дзяўчынкі-медсёстры павінны былі дабегчы да “раненых байцоў” (хлопчыкаў), хутка перавязаць рану і даставіць раненага ў “медсанчасць”.

На фронт да салдатаў выязджалі канцэртныя брыгады, прывозілі ім пасылкі з гасцінцамі і пісьмамі з дому, давалі канцэрты, каб падбадзёрыць і парадаваць байцоў вясёлымі танцамі і песнямі. Так і выхаванцы нашага ясляў-саду закружыліся ў вальсе “Тучи в голубом”, а ўся зала ў гэты час

дружна падпявала. Выхаванцы малодшых узроставых груп дружна падтрымлівалі артыстаў, актыўна і ў лад махаючы чырвонымі сцяжкамі і паветранымі шарыкамі.

Затым дзеці ўдзельнічалі ў гульні-эстафеце “ Данясенне”, дзе ім было даручана своечасова даставіць канверты з важнай інфармацыяй. Цікавымі для іх былі і гульні “Сапёры”, “Кавалерысты”.

Свае ўражанні ад тэматычнага дня былі адлюстраваны кожнай групай ў калектыўных работах. Яркімі і прыгожымі аказаліся плакаты, прысвечаныя Дню Перамогі.

Педагогі нашай установы ўпэўнены, што менавіта ў дзяцінстве закладваецца ў дзяцей пачуццё любві і павагі да сваёй Радзімы, да тых, хто змагаўся за мірнае неба над галавой.

Кажуць жа, што вайны нельга ніколі забываць. І не толькі таму, што гэта подзвіг цэлай краіны і гістарычная падзея. Калі вайну забываюць, пачынаецца новая, таму што памяць – галоўны вораг вайны.

Галіна ГАЎРОШ,
педагог сацыяльны Гезгалаўскага ясляў-сада



Теги: