З усмешкай па жыцці

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Ворыва ў шматлікім спісе палявых работ КСУП “Хвінявічы”  займае прыярытэтную пазіцыю, і  гэтая адказная справа ў  гаспадарцы цалкам ускладзена на плечы спраўнага механізатара Анатоля Марука.

Знаёмству з ім мы абавязаны старшыні Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзіміру Казаку.

У час сумеснай сустрэчы на палетках гаспадаркі мы пацікавіліся ў Анатоля Марука, як склаліся яго жыццёвы і працоўны шляхі і чым багатыя яны на дасягненні.

– Усё маё жыццё звязана з вёскай: тут я нарадзіўся, скончыў школу, жыву і працую, – расказвае Анатоль Яўгенавіч. Адразу пасля атрымання атэстата, пачаў працаваць у саўгасе “Парэчча”, затым была служба ў арміі – у Афганістане.

Пасля дэмабілізацыі Анатоль Марук уладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку, больш за трынаццаць гадоў працаваў вадзіцелем, затым трактарыстам-машыністам. За дваццацігадовы працоўны шлях на памяці механізатара адбылося некалькі рэарганізацый гаспадаркі: ад саўгаса, калгаса, СВК – да камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства. Нязменным заставалася адно – жаданне працаваць на зямлі.

– Анатоль Яўгенавіч, чаму вы вырашылі стаць механізатарам?

– З дзяцінства я, можна сказаць, “жыў” тэхнікай. Памятаю, у вёску Лапушна, дзе праходзіла маё маленства, прыехалі з баявымі вучэннямі салдаты. Не было ні дня, каб  мы з сябрамі не наведаліся туды, круціліся каля іх, разглядалі ваенную тэхніку, давялося нават патрымаць зброю ў руках. Дома дапамагаў бацьку ў рамонце тэхнікі. Пасля заканчэння школы, калі  паўстала пытанне, куды пайсці працаваць, без роздумаў выбраў прафесію механізатара.

Вясной Анатоль Марук задзейнічаны на ворыве, затым дапамагае ў  нарыхтоўцы кармоў, а ў самую гарачую для хлебаробаў пару перасаджваецца на камбайн. Адным словам, там, дзе працуе механізатар, работа заўсёды кіпіць. Працаваць па-іншаму яму не дазваляе сумленне.

– Як арганізаваць сваю работу так, каб дасягнуць значных поспехаў?

– Не дасягае поспеху той, хто нічога не робіць. Калі да справы ставішся адказна, стараешся не толькі выканаць норму, але і перавыканаць, нават калі непагадзь перашкаджае, то вынік заўсёды будзе радаваць. Трэба не толькі любіць сваю прафесію, але і дасканала валодаць тэхнікай, аддаваць сваёй справе частку душы. Прафесія ў нас складаная, патрабуе фізічнай вынослівасці, цярпення і вялізнай працавітасці. Лічу, што цалкам рэалізаваўся ў сваёй прафесіі, задаволены вынікамі працы, а таму лічу сябе паспяховым чалавекам.

За сваю старанную штодзённую працу Анатоль Марук не раз чуў словы падзякі ад кіраўніцтва гаспадаркі, быў адзначаны граматамі і дыпломамі на раённых і абласных спаборніцтвах, у свой час быў удзельнікам Усебеларускага народнага сходу, з’яўляецца Лаўрэатам прэміі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “Чалавек года Гродзеншчыны”.

Анатоль Яўгенавіч, вы не раз падымаліся на сцэну ў ліку лепшых работнікаў сельскай гаспадаркі, маеце дзясяткі грамат і падзяк. Што для вас значыць прызнанне?

–  Усе мае граматы і дыпломы стымулююць падняць унутраную планку яшчэ вышэй. Я проста ўжо не маю права падвесці людзей, з якімі працую. На мяне разлічваюць і спадзяюцца. І гэта таксама дапамагае ў працы. Кожная грамата – гэта радасць і гонар для мяне, маёй жонкі, нашых дзяцей, унукаў.

Свой жыццёвы шлях Анатоль Марук  звязаў з Данутай Мечыславаўнай, якая ўжо шмат гадоў працуе ў гаспадарцы бугалтарам. Разам яны вырасцілі тры дачкі, цяпер дапамагаюць у выхаванні ўнукаў. Старэйшая дачка Анатоля Яўгенавіча – Наталля добра ведае цяжкасць механізатарскай працы. У студэнцкія гады ў час канікулаў яна была першай яго памочніцай: гарачай жніўнай парою яны разам працавалі на камбайне.

– Анатоль Яўгенавіч, што  ў вашым жыцці з’яўляецца самым важным дасягненнем?

– Безумоўна, сям’я. Без іх любові і падтрымкі не было б жадання з усмешкай крочыць па жыцці. Усе мае дасягненні – гэта нашы сумесныя намаганні.

– Чаго яшчэ чакаеце ад прафесіі?

– Хацелася б дасканала ведаць, што на змену нам прыйдзе дастойнае пакаленне, якому хацелася б перадаць свой механізатарскі вопыт. Спадзяюся, што з цягам часу праявяць цікавасць да тэхнікі і мае ўнукі.

У кожнай гаспадарцы ёсць работнікі, якія складаюць касцяк калектыву, заўсёды якасна і своечасова выконваюць даручаную справу. А калі яны працуюць з усмешкай, то і цяжкая работа спорыцца на пазітыве. Той, хто выбірае працоўны шлях механізатара, павінен рабіць гэта свядома, па прызванні. Так, як гэта атрымалася ў Анатоля Марука.

 Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ