Як “Праменьчык” падрыхтаваўся да Вялікадня

Важнае Да ведама грамадзян Свежыя навіны

Штогод напярэдадні Вялікадня ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна ладзіцца выстава сувеніраў і кампазіцый да свята.

Не стаў выключэннем і 2019 год.

Спецыялісты аддзялення Валянціна Саламевіч і Валянціна Баландзіна разам з наведвальнікамі “Праменьчыка” падрыхтавалі яркую разнастайную выставу рукатворных экспанатаў, выкананых у розных тэхніках. Валянціна Саламевіч стварала святочную прадукцыю з дапамогай кручка і спіцаў – атрымаліся цэлыя вязаныя кампазіцыі.

Кіраўнік гуртка “Чароўная іголачка” Валянціна Баландзіна і ўдзельнікі гэтага аматарскага аб’яднання працуюць з тэкстылем. Яны творча і добрасумленна аднесліся да атрыманага задання. З-пад іх іголачак выйшлі рознакаляровыя мяккія курачкі, яйкі, кветкі і іншая прыгажосць.

Наведвальніца “Праменьчыка” Алена Рак з’яўляецца яшчэ і кіраўніком гуртка “Арыгамі”. Разам са сваімі сяброўкамі-гурткоўцамі Кацярынай Васільевай, Святланай Аўцюховіч, Таццянай Рэгіневіч, Ульянай Лукашэня яны стварылі філігранныя велікодныя сувеніры з каляровай паперы ў тэхніцы арыгамі.

Палюбавацца на ўсю гэту сонечную прыгажосць можна, наведаўшы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і завітаўшы ў “Праменьчык”. Выстава чакае наведвальнікаў, каб падзяліцца з імі святочным настроем.

Алена КАЛЮЦІК,
загадчыца аддзялення “Праменьчык” ЦСАН Дзятлаўскага раёна